Міліцыя канфіскавала ў Алеся Пушкіна 25 літраў крупніку
Дома ў Алеся Пушкіна сёння прайшоў ператрус. 9 ліпеня мастака выклікалі ў Крупскі РАУС, дзе ён у чарговы раз даў сведчанні ў сувязі з інцыдэнтам, які адбыўся падчас святкавання Купалля.
Пасля гэтага разам са следчай Ірынай Караткевіч, маёрам у цывільным і ўчастковым Рогавым Алесь Пушкін паехаў для ператрусу ў сваю сядзібу.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў вынялі са склепа 25 літраў крупніку, які застаўся пасля Купалля, бутэльку, з якой ён выліваў спірт, і кацёл, у якім гатаваўся напой.
Алесь Пушкін сказаў, што пакуль не ведае аб сваім статусе — з'яўляецца ён абвінавачаным або падазраваным. У міліцыі яму патлумачылі, што спачатку дапытаюць пацярпелых.
10 ліпеня Пушкін збіраецца на працу ў Сынкавіцкую царкву.
Падчас святкавання Купалля у ноч з 6 на 7 ліпеня на двары мастака Алеся Пушкіна адбыўся няшчасны выпадак, ад якога пацярпелі 5 чалавек, у тым ліку 14-гадовая дзяўчына.