Самай малодшай з пацярпелых у Купальскую ноч дзяўчат — 14 гадоў. Стан цяжкі

Пасля няшчаснага выпадку, які адбыўся ў Купальскую ноч у вёсцы Бобр Крупскага раёна, удалося звязацца з галоўным доктарам Крупскай цэнтральнай раённай бальніцы Леанідам Іўцом.



pushkin_spirt.jpg

«У ноч з 6 на 7 ліпеня было дастаўлена 5 чалавек. Двое з іх адразу пасля аказання амбулаторнай дапамогі адпусцілі,

 

дзве дзяўчыны 14 і 22 гадоў патрапілі ў рэанімацыю. Стан цяжкі, дзяўчаты атрымалі апёкі 1–3 ступені. Яны зараз знаходзяцца ў нашай бальніцы, робім усё магчымае, — кажа Леанід Івец.

Па словах галоўнага доктара, пра чалавека, які трапіў у хірургічнае аддзяленне, яму пакуль не дакладвалі. Ён ведае толькі пра дзяўчат, якія знаходзяцца ў рэанімацыі.

«Магу сказаць, што ўсё гэта адбылося з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём.

 

Мяркую, што гэта яшчэ лёгка абышлося. Усё магло б быць нашмат горш, да прыкладу, калі б гаручая сумесь трапіла на чалавека і пайшла цэлай хваляй па людзях», — дапоўніў Івец.

Мастак Алесь Пушкін, у сядзібе якога і адбылося надзвычайнае здарэнне, у гэты момант знаходзіцца ў гэтай жа бальніцы ў хірургічным аддзяленні, чакае навін аб пацярпелых.

Нагадаем, калі Алесь Пушкін рыхтаваў крупнік, успыхнуў спірт, які ён заліваў у кацёл. У выніку 5 чалавек атрымалі апёкі. Расследаваннем інцыдэнту займаецца Следчы камітэт.

Надзея Наймушына, tut.by