Міліцыя выбачылася за зачыстку ў Пінску
Начальнік УУС Брэсцкай вобласці прынёс прабачэнні за «непрафесійныя дзеянні міліцыі».
Іван Саўчыц
Іван Саўчыц у інтэрв'ю афіцыйнай газеце «Заря» паведаміў, што інцыдэнтам у Пінску, які адбыўся 7 ліпеня, займаецца Следчы камітэт.
Менавіта ён павінен даць ацэнку правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў, якія з асаблівай жорсткасцю правялі зачыстку вулічных гандляроў каля міні-рынку «Заходні».
«Сапраўды, у Пінску адбыўся інцыдэнт. Ужо зробленыя вельмі сур'ёзныя высновы, з усімі начальнікамі райаддзелаў была праведзеная селектарная нарада па гэтым пытанні. Я прыношу
прабачэнні за непрафесійныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Ацэнку правамернасці іх дзеянняў дасць Следчы камітэт Беларусі, у сваю чаргу мы праводзім службовую праверку. Вядома, факт адміністрацыйнага
правапарушэння грамадзянамі меў месца і складзеныя пратаколы былі следствам гэтага парушэння закона, але далейшыя дзеянні міліцыянтаў былі непрафесійнымі», — сказаў
начальнік УУС Брэсцкай вобласці.
Паводле zarya.by