Мінгарвыканкам падмануў маці
Мінгарвыканкам адмовіў актывісткам і членам ініцыятыўнай групы па стварэнні «Руху маці 328» у праве правесці ў парку ў раёне плошчы Бангалор мітынг.
На акцыі планавалася прыцягнуць увагу да катастрафічнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі з падачы самога Лукашэнкі ў барацьбе з наркаманіяй (Дэкрэт № 6 ад 28 снежня 2014 г. «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў»). Задуманае першапачаткова як сістэмная барацьба з буйнымі наркадылерамі на справе вылілася ў пагоню за высокімі паказчыкамі, ашуканства і тысячы спраў, прыгатаваных па прынцыпе: «у невядомым месцы ў невядомай асобы набыў невядомае рэчыва ...». Прычым на падставе падобных «доказаў» маладым людзям — часцей за ўсё звычайным спажыўцам і нарказалежным, у лепшым выпадку, шараговым закладчыкам — даюць велізарныя тэрміны — ад 8 да 20 гадоў. Пры гэтым праводзіцца вялікая праца па «стварэнню» цэлых злачынных груп колькасцю ў некалькі дзясяткаў удзельнікаў.
На прэс-канферэнцыі, якая адбылася 20 лістапада з нагоды адмовы, кіраўнік«»м ініцыятыўнай групы «Рух маці 328» Ларыса Жыгар зачытала атрыманы адказ, а таксама прывяла статыстыку па сабраным рухам дадзеных аб колькасці асуджаных па артыкуле 328. Фармальнай прычынай адмовы ў правядзенні заяўленага на 20 лістапада мерапрыемства колькасцю ў 500 чалавек паслужыла тое, што нібыта менавіта ў гэты дзень і ў гэты час у гэтым жа месцы павінна прайсці нейкае іншае мерапрыемства. Аднак, як ні чакалі прадстаўніцы маці пачатку гэтага загадкавага мерапрыемствы на плошчы Бангалор, яно так і не пачалося. Відавочна, што чыноўнікі Мінгарвыканкаму выкарыстоўвалі гэтую фармулёўку, каб не дазволіць маці правесці іх мітынг, а фактычна падманулі іх. Акрамя гэтага, руху маці па-ранейшаму, нягледзячы на ўсе спробы, не атрымоўваецца афіцыйна зарэгістравацца.
Такім чынам, улады не толькі самі штурхаюць маці на правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства, але і ў чарговы раз паказваюць, што атрымаць афіцыйны дазвол на акцыю ці рэгістрацыю ў Беларусі могуць толькі тыя грамадскія аб'яднанні, якія арганізаваны або кантралююцца спецслужбамі. А рэальны народны рух — якім з'яўляецца «Рух маці 328» — небяспечны для існуючай улады, бо ўяўляе з сябе рэальную некантраляваную сілу (у Беларусі па «народным» артыкуле 328 асуджаныя тысячы людзей), рухомую ня загадамі і ўказаннямі, а рэальным клопатам пра будучыню сваіх дзяцей, блізкіх і сяброў.
У бліжэйшы час маці абскардзяць атрыманыя імі адмовы.
Беларускі дакументацыйны цэнтр