Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне «Дзядоў» ў Мінску 2 лістапада
Мінгарвыканкам даў дазвол на правядзенне традыцыйнага шэсця і мітынгу, прысвечаных Дню памяці продкаў «Дзяды».
У адказе арганізатарам гарадскія ўлады паведамляюць, што з улікам вопыту правядзення аналагічных мерапрыемстваў у мінулыя гады, зараз акцыя, якая прызначаная на 2 лістапада, таксама дазваляецца — з агульнай колькасцю ўдзельнікаў да 5 тысяч чалавек, піша «Народная Воля».
Мерапрыемства пройдзе па наступным графіку:
10: 30 — 11: 00 — збор удзельнікаў на пляцоўцы перад будынкам ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» (праспект Незалежнасці, 95);
11: 00 — 14: 30 — дэманстрацыя па ходніках па маршруце: пляцоўка перад будынкам ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод» — праспект Незалежнасці — вуліца Каліноўскага — вуліца Сядых — вуліца Карбышава — вуліца Гамарніка — вуліца Мірашнічэнкі — Мінская кальцавая аўтадарога (падземны пешаходны пад МКАД да ўрочышча «Курапаты»).
З 14.30 да 17.00 у Курапатах адбудзецца дазволены мітынг.