Міністр культуры заблакаваў ўсталяванне знака ахвярам сталінізму ў Мінску

Такі знак мог стаяць у цэнтры Мінска, на вуліцы Гарадскі Вал.



c39bf05c6c440f1509ba9bbf948.jpg

Дабіцца ўсталявання знака амаль удалося грамадскаму актывісту Уладзіміру Мазаніку, чый бацька быў рэпрэсаваны. Аднак, гэтае рашэнне было заблакавана міністрам культуры Барысам Святловым.

“Уладзімір Іванавіч Мазанік звяртаўся да памочніка прэзідэнта Янчэўскага, той вусна даў згоду. Пасля мы з ім асабіста хадзілі на прыём да старшыні Мінгарвыканкама, а да гэтага ён звяртаўся да намесніка міністра культуры, і яму далі адказ, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам мемарыяльны знак можа быць усталяваны. І адным з месцаў названы быў Гарадскі вал, Амерыканка, Валадарка, — паведаміў гісторык Ігар Кузняцоў. — Праходзіць паўгода і міністр культуры таварыш Святлоў, бацьку якога рэпрэсавалі, піша “лічу немэтазгодным усталяванне такога знака ў горадзе Мінску ў сувязі з тым, што памяць ахвяраў рэпрэсій годным чынам ушанавана ў Курапатах, дзе ўсталяваны мемарыяльны знак”.

На думку Кузняцова, такое тлумачэнне міністра Святлова не вытрымлівае крытыкі, бо ўсе крыжы і мемарыяльныя знакі ў Курапатах зробленыя высілкамі грамадскасці.

У 1989 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову пра ўсталяванне помніка ахвярам масавых рэпрэсій у Курапатах, аднак дзяржава дагэтуль яе не выканала, паведамляе “Радыё Рацыя”.