На Віцебшчыне вызначылі самыя беларускія CМІ (фотарэпартаж)
Сёлета Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднаньня «ТБМ імя Францыска Скарыны» правяла агляд-конкурс «З беларускім словам». Рэдактараў газет-пераможцаў запрасілі на ўзнагароджанне, якое адбылося падчас ўрачыстай імпрэзы, прысвечанай Васілю Быкаву.
Паводле Іосіфа Навумчыка, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «ТБМ імя Францыска Скарыны», конкурс для мясцовых СМІ праводзіўся, каб заклікаць журналістаў і рэдакцыйныя калектывы да шырэйшага ўжываньня роднай мовы ў друку.
Ён праходзіў на працягу 2014 году. Спачатку ў рэдакцыйныя калектывы даслалі лісты, што ГА «ТБМ імя Францыска Скарыны» абвяшчае конкурс, і актывісты будуць знаёміцца са зместам газет, каб вызначыць, ці шмат друкуецца беларускамоўных матэрыялаў.
І.Навумчык віншуе рэдактара "Вольнага Глыбокага", сябра ГА БАЖ Уладзіміра Скрабатуна
Арганізатары конкурсу аглядалі ўсе выданні, што выходзяць у Віцебскай вобласці — як у абласным цэнтры, так і ў рэгіёнах. Паводле І.Навумчыка, ні гарадская газета "Витьбичы", ні абласная "Витебские вести" не прадэманстравалі памкнення да папулярызацыі роднага слова — матэрыялаў па-беларуску ў гэтых выданнях заўжды вельмі мала.
Дыплом і падарункі для рэдакцыі "Каталіцкага весніка" атрымаў Дзмітрый Лупач
У ліку пераможцаў апынулася недзяржаўная абласная газета "Каталіцкі веснік", а таксама рэгіянальнае незалежнае выданне "Вольнае Глыбокае". Што да дзяржаўных СМІ, то першае месца, паводле Іосіфа Навумчыка, падзялілі адразу чатыры раённыя газеты: "Браслаўская звязда" (Браслаў), "Герой працы" (Шуміліна), "Патрыёт" (Ушачы) і "Міёрскія навіны" (Міёры). Другое месца заняла "раёнка" Докшыччыны "Родныя вытокі", а трэцяе — адразу дзве раённыя газеты — "Пастаўскі край" (Паставы) і "Кліч Радзімы" (Шаркаўшчына).
Прадстаўнікі рэдакцый, якія прыехалі ў вёску Бычкі Вушацкага раёну на святкаванне 91-х угодкаў Васіля Быкава, атрымалі ад ГА «ТБМ імя Францыска Скарыны» зборы твораў пісьменніка ды іншую мастацкую літаратуру. Добрыя кнігі на роднай мове атрымаюць і асобныя аўтары, якія ў сваіх газетах найчасцей друкуюць артыкулы па-беларуску.