«На Віцебск насоўваецца расійская экспансія»

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў даслаў электронны зварот на сайт Аляксандра Лукашэнкі. Ён патлумачыў Радыё Свабода, што нагодай для гэтага сталася сувенірная прадукцыя, якая прадаецца ў Віцебску.



white_and_great.jpg

Фотаздымак магніта на лядоўню праваабаронца даслаў разам са сваім зваротам.
«У гандляроў сувенірамі, якія стаяць уздоўж вуліцы Суворава ў Віцебску, можна часам заўважыць прадукцыю вельмі сумнеўнага ідэалагічнага зместу, не кажучы ўжо пра мастацкія вартасці. Ды прыкладу, гэты магніт. На ім выявы дзяржаўных сцягоў Беларусі і Расіі, а таксама выявы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якія паціскаюць адзін аднаму рукі. Подпіс: "Расія. Белая і Вялікая". Нібыта абедзве дзяржавы ёсць адзінай краінай. Таму ў электронным звароце я так і пішу: «На Беларусь, у прыватнасці, на горад Віцебск, марудна, але ўпэўнена распаўсюджваецца экспансія з боку Расійскай Федэрацыі. То ў нас нейкія людзі, прыкідваючыся глуханямымі, раздаюць расійскія сцяжкі, а ДАІ нібыта не заўважае парушэнняў, нават калі гэта адбываецца на праезднай частцы. ДАІ не звяртае ўвагу і на георгіеўскія стужкі, затое бела-чырвона-белую сымболіку прымушае прыбіраць. Цяпер вось ажыццяўляецца продаж сувенірнай прадукцыі антыбеларускага зместу. Я лічу неабходным, каб кіраўніцтву Віцебска і вобласці ўказалі на недапушчальнасць падобных рэчаў», — гаворыць Павал Левінаў.
Гандаль сувенірнай прадукцыяй на пешаходнай частцы вуліцы Суворава ў цэнтры Віцебску санкцыянаваны мясцовымі ўладамі. Разлік зроблены на тое, што яна прыцягне ўвагу турыстаў.
На памежнай Віцебшчыне самая большая частка турыстаў — менавіта з Расійскай Федэрацыі.
svaboda.org