Навіны дня. Выключэнне з Балонскага працэсу, бязвіз для ЕС і няспынныя затрыманні

У традыцыйным вячэрнім аглядзе расказваем пра галоўнае, што адбылося ў Беларусі сёння, 13 красавіка.

samae_halounae.jpg


«Беспакараныя ўлады на ўсіх узроўнях» — так апісана становішча ў Беларусі ў амерыканскай справаздачы па правах чалавека. Што яшчэ цікавага сказалі пра беларускую дзяржаву і краіну ў ЗША, чытайце тут.
Тым часам АБСЕ падрыхтавала даклад па ўварванні Расіі ва Украіну. У ім нібыта адзначаецца, што Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай «узброенага канфлікту».
Беларусь можа дазволіць бязвізавы ўезд нашым суседзям з ЕС. Добрасуседскія адносіны сабраўся ўмацоўваць Дзяржпамежкамітэт.
Балонскі працэс развітаўся з Беларуссю. Наша краіна была адзінай, каго прынялі туды "завочна" — з перспектывай выпраўлення наяўных праблем у сістэме адукацыі. Як бачна, праблемы настолькі не выправілі, што наша прысутнасць у Балонскім працэсе цяпер непажаданая.
Загінулы беларускі добраахвотнік Аляксей Скобля пасмяротна ўганараваны званнем Героя Украіны. Цяпер у шэрагу ўкраінскіх Герояў двое беларусаў: першым стаў Міхаіл Жызнеўскі. Таксама сёння стала вядома пра смерць яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка — Змітра «Ганса» Рубашэўскага. Між тым ГУБАЗіК у сюжэце АНТ заявіў, што ведае імёны 75 беларусаў, якія ваююць зараз за Украіну.
Весткі з палёў рэпрэсій. Палітзняволены Аляксандр Фядута за кратамі захварэў на пнеўманію, а іншага палітвязня, Яўгена Афнагеля, пераводзяць на два гады ў «крытую» турму, а Марыі Калеснікавай, якая таксама прызнаная палітзняволенай, скасавалі права на кароткатэрміновае спатканне.
Сёння затрымалі актывістку Святлану Каваленка, не выпусцілі на волю кіраўніцу незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгу Брыцікаву, на 2 гады калоніі за пратэставыя маршы асудзіліСвятлану і Яну Хромавых. 25 сутак зняволення атрымаў гітарыст «Pomidor/off» Уладзіслаў Плюшчаў.