Аляксандр Фядута ў зняволенні «сядзіць і ляжыць з цяжкасцю, а яшчэ і задыхаецца»
Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку навіны пра зняволенага літаратара, які за кратамі цяжка хварэў на пнеўманію.

Аляксандр Фядута Марына Шыбко. Фота з сацсетак
Пару дзён таму, 11 красавіка, — споўнілася роўна год, як сілавікі арыштавалі Аляксандра Фятуту і Юрася Зянковіча ў Маскве і таемна прывезлі ў Беларусь.
Жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко напісала, што муж «ужо год знаходзіцца пад вартай»: «Ён знік 11 красавіка, у Маскве, а 13 красавіка яго даставілі ў Мінск і пасялілі ў "амерыканку", а з 25.11.21. ён знаходзіцца на "Валадарцы"… Вось такая круглая дата ў пушкініста, журналіста, паліттэхнолага і доктара філалогіі. Як там працякаюць яго дні? Ды ніяк, следчых дзеянняў даўно няма, змагаецца з наступствам арытміі і пнеўманіі, ставілі столькі ўколаў, што сядзіць і ляжыць з цяжкасцю, а яшчэ і задыхаецца. Але ўпершыню за тры месяцы, ужо змог дзве гадзіны спаць на правым баку і ляжаць на спіне... Лекі перадаю, а ўчора адвезла "юбілейную" перадачу і вітамінную заадно».

Марына Шыбко адзначыла, што «вязню вельмі не хапае кніг». Лісты ад знаёмых і сяброў да Аляксандра Фядуты таксама не даходзяць. «Лісты ў апошнія месяцы прыходзяць толькі ад мяне, — напісала жонка палітвязня. — Так, гэта элемент перавыхавання, не аддаваць рукапісы, гэта, таксама, перавыхаванне. Цяпер працуе (спрабуе) над інсцэніроўкай рамана Бальзака "Бацька Горыа". Вельмі перажывае за ўкраінскіх сяброў і за Украіну, Кіеў, наш любімы горад... Усім прывітанне і падзяку за падтрымку, якую ён адчувае, хоць перапіска абарвалася. Здароўя нам усім і міру».