Nec mergitur — Мы не патонем!
2020 год завяршаецца — і большая частка беларусаў напярэдадні Новага года мае адну запаветную мару, якую баіцца агучваць, каб раптам не сарвалася, каб напэўна спраўдзілася.
Год выдаўся вусцішны, гвалтоўны, небяспечны для нацыі перад усім ад сваёй жа ўлады. Беларускі карабель кідала спачатку ад жудаснага кавіднага ўрагану, потым трэсла і трасе ад палітычнага гвалту, і зноў ад кавіду. У безупыннай вусцішы мы не патанулі і не патонем, як больш за сто год таму з сваёй прарочай карцінай Nec mergitur (Не патоне) запэўніў нас слынны зямляк Фердынанд Рушчыц, 150-годдзе якога мы адзначаем сёлета.
Вядомы дакладны кантэкст, у якім маляваў яе Civic Vilnensis, то-бок грамадзянін Вільні, каб падарыць надзею, абуджаную падзеямі расейска-японскай вайны, не толькі палякам, але ўсім жыхарам былой дзяржавы Рэчы Паспалітай. Але спадчына кожнага мастака скіраваная ў будучыню, нясе свае змагарскае і эстэцкае пасланне і далей, а таму дорыць нам сёння новую надзею і дапамагае не патануць у скрусе і гвалце.
Мы, сучасныя беларусы, можам узяць сабе новы слоган, крыху зменены і натхнёны вялікай карцінай, — Мы не патонем. Дарэчы, з Сярэднявечча вядомы гэты слоган, упісаны ў пашыранай форме ў герб Парыжа — Fluctuat nec mergitur (Яго заліваюць хвалі, але ён не тоне). Так, у 2015 годзе пасля тэрактаў у Парыжы словы сталіся сімвалам супраціву гвалту і тэрарызму, які актыўна выкарыстоўвалі парыжане. А ў 2020 годзе словы ажылі ў беларускім кантэксце. А 150-годдзе з дня нараджэння Ф. Рушчыца — гэта і сімвалічнае супадзенне, і моцная эстэцкая падтрымка ўсім беларускам і беларусам у патрэбны час, калі падаецца адчай пачынае перамагаць. Але, канечне, не — адчаю не перамагчы, бо гісторыя вучыць нас, што мы непатапляльныя. Так безупынку думалася мне, калі стаяў і любаваўся карцінай безліч разоў да каранціну ў Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Вільні, так безупынку думаецца, калі любуюся геройскай смеласцю беларусаў і беларусак цягам апошніх доўгіх месяцаў у 2020 годзе.
Родныя беларусы і беларускі, няхай 2021 год будзе моцны не толькі на надзею, але, нарэшце, на яе здзяйсненні! Наш карвет даплыве да зацішнай гавані і nec mergitur!