Памерла маці Жызнеўскага — беларуса, які стаў Героем Украіны
Ніна Жызнеўская, маці Героя Украіны Міхася Жызнеўскага, памерла ў шпіталі інвалідаў вайны на 61-м годзе жыцця, паведаміла «Радыё Свабода» ейная дачка Наталля.
Напярэдадні Ніну Васілеўну адвезлі ў шпіталь на «хуткай» — жанчыне стала блага, была высокая тэмпература.
Гэта адбылося менш як праз месяц пасля таго, як пахавалі ейнага мужа, 73-гадовага Міхаіла Жызнеўскага. Міхаіл Пятровіч раптоўна памёр 8 красавіка, пахаваны побач з сынам у вёсцы Сцяг Працы, што пад Гомелем.
Яшчэ 17 лютага амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адмыслова прыехаў у Гомель, каб перадаць Ніне Жызнеўскай ад імя ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі інвалідны вазок. Яна мела праблемы з нагамі і з сэрцам яшчэ чатыры гады таму.
Міхась Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў сутыкненняў удзельнікаў Еўрамайдану з міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 года, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей. Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжання Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацвёра з іх — у выніку агнястрэльных раненняў у грудзі, шыю і галаву. Каля 200 пратэстоўцаў атрымалі раненні.