Папярэджанне анархісту аб недапушчальнасці экстрэмізму суд палічыў неабгрунтаваным
23 лютага ў судзе Першамайскага раёна Мінска разглядалася скарга аднаго з актывістаў анархісцкага руху, якіх у студзені ўчастковыя міліцыянеры прэвентыўна папярэдзілі аб недапушчальнасці парушэння артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

Нагадаем, такія выпадкі праваабаронцам сталі вядомыя пасля аблавы на панк-канцэрт у мінскім клубе “Піраты” і арышт некаторых яго ўдзельнікаў.
Паколькі, паводле таго ж артыкула 10 закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, афіцыйнае папярэджанне аб’яўляецца грамадзянам толькі “пры выяўленні прыкметаў падрыхтоўкі да здзяйснення імі дзеянняў, прадугледжаных часткай першай артыкула 1 гэтага Закона”, то адзін з актывістаў, скарыстаўшыся сваім законным правам, абскардзіў прэвентыўнае папярэджанне праз суд.
Суддзя Наталля Пятух, разгледзеўшы гэтую скаргу, прызнала папярэджанне міліцыі неабгрунтаваным і пастанавіла адмяніць яго. Гэтая судовая пастанова пацвярджае меркаванне праваабаронцаў аб тым, што ў супрацоўнікаў міліцыі не было ніякіх падставаў, каб падазраваць актывістаў, якія раней не прыцягваліся да адказнасці за “экстрэмізм”, у здзяйсненні ў будучым імі такіх дзеянняў.