Парнаграфія як сродак ціску на праваабаронцу
13 траўня ў 14.00 гадзін гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка павінен з’явіцца па крымінальнай справе – распаўсюдзе парнаграфіі ў абласную управу следчага камітэту. Пра неабходнасць яўкі ў якасці сведкі яму паведаміў па тэлефоне следчы Юрый Зенчанка.
![sudalienka.jpg sudalienka.jpg](/img/v1/news/full/sudalienka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Леанід Судаленка 15 красавіка ўжо быў на допыце ў якасці сведкі ў Гомельскім гарадскім аддзеле СК. Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 343 КК (распаўсюд
парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт) па факту распаўсюду парнаграфічных ролікаў нібыта з электроннай скрынкі, якая належыць праваабаронцу (sudalenko@mail.ru). Пасля крымінальная
справа па невядомых пакуль прычынах была перададзена ў абласную управу СК.
Па матэрыялах крымінальнай справы парнаграфічныя матэрыялы са скрынкі sudalenko@mail.ru і з IP-адрасу, зарэгістраванага за Гомельскім аддзяленнем РГА “Прававая ініцыятыва” былі
дасланыя ў інспекцыю па падатках і зборах па Савецкаму раёну. Праваабаронца прадставіў шэраг доказаў аб тым, што ён не датычны да здзяйснення злачынства. У прыватнасці, да крымінальнай справы ён
дадаў сканы перапіскі з тэхнічнай службай Mail.ru аб тым, што дадзеная электронная скрынка ўзламаная са снежня 2014 года і з гэтага часу Леанід Судаленка яе не кантраляваў. Ён таксама заявіў, што ў
лютым патрабаваў ад УУС Гомельскага аблвыканкаму ўстанавіць IP-адрас і тых людзей, якія на адным з сайтаў не толькі перыядычна публікуюць абразы ў яго бок, а таксама апошнім часам пагражалі
забойствам яго дзецям. Ні IP, ні тых асоб, хто змяшчаў дадзеныя пагрозы, міліцыя не ўстанавіла.
Нагадаем, 8 красавіка ў грамадска-палітычным цэнтры ў Гомелі на Палескай,52 прайшоў вобшук, міліцыя забрала ндля праверкі ў межах крымінальнай справы чатыры сістэмныя блокі камп'ютэраў.
Вобшук прайшоў і на кватэры Леаніда Судаленкі, дзе забралі сістэмны блок кампутара і ноўтбук.
Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы Леанід Судаленка спрабаваў самастойна праз тэхнічную службу Mail.ru атрымаць сваю перапіску ў якасці доказаў узлома сваёй паштовай скрыні, на што атрымаў
адказ пра тое, што такую інфармацыю могуць прадаставіць толькі па запыту праваахоўных органаў.
gomelspring.org