Брэст. Першы дабрачынны рок-канцэрт сабраў амаль 11 мільёнаў для жывёл
У мінулую нядзелю ў Брэсце прайшоў першы рок-канцэрт “Разам — за жыццё!” у рамках дабрачыннага марафону. Мэта імпрэзы — збор грашовых сродкаў на падтрымку недзяржаўнага, неафіцыйнага прытулку для бяздомных жывёл.
Цана ўваходу ці дабрачынны ўзнос на вечарыну каштаваў 50 тысяч.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Зміцер Барадачэнкаў, кіраўнік дзігерскай групы ў Брэсце, і Андрэй Янушкевіч, лідар музычнага праекту “Януш”. Ідэйным натхняльнікам выступіў Ілля Брэскі, студэнт і валанцёр рэчыцкага патруля “Awesome dogs”, які звярнуўся за дапамогай да арганізатараў.
Першая імпрэза насіла больш рок-н-рольны характар, як кажуць арганізатары — “лайтовы”. “Добрая” вечарына сабрала каля 200 чалавек.
На канцэрт было заяўлена 9 берасцейскіх вядомых і малавядомых гуртоў. Сама вечарына займала амаль 6 гадзін. Сярод удзельнікаў былі і дэбютныя выступы. The twinkles — маладыя берасцейскія хлопцы. Спяваюць на англійскай мове. На пытанне, чаму вы ўдзельнічаеце ў канцэрце, вакаліст гурта адказаў:
— Я вельмі люблю жывёл. У мяне дома кошка і кот, вось вырашылі падтрымаць прытулак. Падалі заяўку, Андрэй Янушкевіч прыехаў на рэпетыцыю і вось мы тут.
Бліжэй да другой гадзіны на пляцоўку начнога клуба “Palazzo” першымі выйшаў музычны праект “Януш”. Жаночы вакал узяла на сябе жонка лідара праекту Ірына і дапамагала сваімі танцамі дачка Соня.
На перапынках, пакуль удзельнікі рыхтавалі свой выступ, вядучыя-арганізатары распавядалі ўсім прысутнічым гісторыю музычных калектываў. Таксама кожны жадаючы мог выбраць сабе ката ці сабаку па фатаздымках, размешчаных на сцяне. Арганізатары адзначылі, што ўсе жывёлы прывіты, прывучаны да латка і стэрылізаваны.
"Сразу май" — берасцейскі гурт спявае “пап-рок”. Лідар гурту Сяргей не трымае дома жывёл па матэрыяльных прычынах.
— Гэта ў нас першы такі сур’ёзны і адказны выступ. Мы самі па сабе хлопцы добрыя, таму і ўсе дабрачынныя пачынанні падтрымліваем. Таму, як толькі даведаліся ў Інтэрнэце пра канцэрт, адразу падалі заяўку. Добрыя справы не маюць межаў!
Пажылая жанчына прыйшла на імпрэзу, падышла да арганізатараў і сказала:
— Я на канцэрце не застануся, мяне гучная музыка ўсыпляе, але прынесла вам грошы.
Як потым выявілася бабуля прынесла 600 тысяч.
Як адзначыў вядучы, самадзейны вакальна-інструментальны ансамбль "Цветные карандаши" спявалі пра катэ, добрых грамадзян і вызначылі: “Самае вялікае дабро — не рабіць зла”. Хлопцы ў каляровых касцюмах ажывілі публіку песнямі і размовамі.
Таксама ў канцэрце прынялі ўдзел гурт "Родник", "Sandglass", нястрымныя хлопцы з "Nad smile", Ілля Брэскі прадставіў гурт "Legacy of brother" і, канешне, папулярны беларускі гурт "Сьцяна" не застаўся ў баку.
І яшчэ, берасцейцы, вельмі патрэбны валанцёры на дапамогу жанчынам, якія даглядаюць бяздомных жывёл у прытулку.
Ужо 28 снежня пройдзе другая “цяжкая” частка благачыннага марафону. Месца: клуб СП “Динамо Програм Брест”.
Уваход: 50 тыс.
Час: 13-30.
Зробім мір дабрэйшым, а жывёл больш шчаслівымі!
Падрабязнасці ў суполцы: Зрабі дабро