Працаўнікі «Нафтана» звярнуліся да Кабякова і чакаюць прыезду Лукашэнкі

Работнікі ААТ «Нафтан» звярнуліся з адкрытым лістом да прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Косінца, старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва і кіраўніка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды.  



monolitplast_news_a_naftan.jpg

У сваім звароце яны сцвярджаюць, што прадпрыемства знаходзіцца ў вартым жалю стане: «ААТ «Нафтан» з квітнеючага ў нядаўнім мінулым прадпрыемства ператварылася ў банкрута.
Чаму ж, ва ўмовах працы прадпрыемства на поўную загрузку, калі працаўнікі цалкам выконваюць устаноўленыя заданні, у завода не стала грошай? Чаму паводле справаздач Белстата паказчыкі ААТ «Нафтан» у 10 разоў горшыя за паказчыкі мазырскіх калег?»
Прычынай эканамічных бязладзіцы і развіцця карупцыі заяўнікі бачаць адхіленні ад кіравання заводам «карэнных» работнікаў і новапалачан. «На працягу некалькіх апошніх гадоў з кіруючых пасад практычна цалкам былі прыбраныя ўсе мясцовыя спецыялісты (галоўны інжынер, намеснік па будаўніцтве, намеснік па эканоміцы, намеснік па бяспецы і г.д.) і на іх месцы расстаўленыя непрафесіяналы, якія ніколі не працавалі ў нафтаперапрацоўцы і не жылі ў Наваполацку», — гаворыцца ў лісце.
Таксама ў дакуменце паведамляецца аб правале праграмы мадэрнізацыі «Нафтана». Паводле інфармацыі аўтараў ліста, цяпер не гатовая да ўводу ў эксплуатацыю ні адна з запланаваных установак і няма перадумоў для таго, што ў 2016 годзе сітуацыя зменіцца, бо не гатовая і інфраструктура.
У той жа час заяўнікі адзначаюць тэндэнцыю кіраўніцтва эканоміць выключна за кошт працаўнікоў: рабочых ўгаворваюць пагадзіцца на скарачэнне зарплаты, прыпыненне дзеяння калектыўнага дагавора і адмену шэрагу льгот.
Пры гэтым «Нафтан» страчвае аб'екты сацыяльнай сферы: «…дзіцячы лагер завода «Палімір», турбазу «Палімір», басейн, некалькі спарткомплексаў і г.д. Спынена вытворчасць агародніны ў завадской цяпліцы. Людзі скарочаныя. Гародніну ў крамы Наваполацка завозяць з Турцыі і Егіпта. На чарзе ліквідацыя падсобнай рыбнай гаспадаркі».
У сувязі з гэтым зваротам працаўнікі «Нафтана» чакаюць, што НПЗ на наступным тыдні наведае Аляксандр Лукашэнка, інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце полацкага філіяла Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Нагадаем, намесніка гендырэктара «Нафтана» і яго двух падначаленых абвінавачваюць у нанясенні прадпрыемству ўрону ў памеры 46 мільярдаў рублёў. Следства лічыць, што яны атрымлівалі хабар пры заключэнні кантрактаў з камерцыйнымі структурамі.

Паводле "Нашай Нівы"