Працяг пратэстаў і чарговае дно беларускага суда. Найважнейшае за 2 верасня

Некаторыя «расчаравашкі» кажуць, што пратэсты сцішваюцца, а рэпрэсіі — не. Па мінулым дні бачна, што ўсё адбываецца якраз наадварот. Ва ўлады яшчэ хапае нахабства, але ўжо заканчваюцца сілы. У той час як да пратэстаў далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі.

02_cip_okrestina_720_1.jpg


У Мінску паспрабавалі асудзіць журналістаў, затрыманых 1 верасня. Аднак з гэтага нічога не выйшла, бо міліцыянты блыталіся ў паказаннях. Адзін са сведкаў сказаў, што чалавек у камізэльцы з надпісам «Прэса» расцэньваецца як «каардынатар пратэстаў». Увогуле ж міліцыянты давалі паказанні не толькі па Skype, але і ў «балаклавах», хаваючы свой твар, называлі неіснуючае месца жыхарства, прадстаўляліся адным імём, але з рознымі гадамі нараджэння.

У нармальнай краіне суд бы такіх «сведкаў» сам бы перасадзіў на лаву падсудных — за непавагу да суду і заведама ілжывыя сведчанні. Аднак не ў нас: у нас пратаколы ў адносінах да журналістаў былі адпраўленыя «на выпраўленне недахопаў», а самі журналісты, насуперак практыцы — на Акрэсціна.

Гэтая сітуацыя відавочна паказвае, што сілы ва ўлады заканчваюцца. АМАПаўцы яшчэ могуць бегаць па вуліцах за пратэстоўцамі, але стамляюцца настолькі, што ўжо не маюць моцы ані нармальна напісаць рапарт, ані сведчыць у судзе, ані выдумаць што-небудзь цікавае.

298655_1599047534_big_1.jpg


У той жа час у пратэстоўца ў сілы не заканчваюцца. Жанчыны выйшлі да Стэлы адсвяткаваць дзень заканчэння Другой сусветнай вайны. КДК праводзіў вобшук у ІТ-кампаніі PandaDoc — супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій выйшлі на ланцуг салідарнасці. Увогуле, такія ланцугі праводзіліся ў шмат якіх раёнах Мінска, і «Новы час» далучыўся да аднаго з іх.

118764268_311499676796531_9036335457553359924_n_logo_1.jpg


Больш за тысячу супрацоўнікаў мозырскага НПЗ заклікалі да адстаўкі Лукашэнкі і Ярмошынай. Пакуль размова пра страйк не ідзе, але выключна з-за адказнасці саміх рабочых — яны не хочуць спыняць прадпрыемства.

Калектыў Гарадзенскага мясакамбінату заклікаў да новых выбараў і прыгразіў забастоўкай. Пад зваротам пакінулі подпісы 853 супрацоўнікі мясакамбінату.

5d195bb9_ec29_4d62_83fd_03dc0604d698_w1023_r1_s_1.jpg


На сайце Ліцэя БДУ з’явіўся зварот, у якім калектыў установы рэзка асудзіў эскалацыю гвалту на вуліцах Беларусі, якая назіраецца ў апошнія дні. Не дзіва, што Мікалай Лукашэнка забраў дакументы з гэтай установы.

Вядомыя беларускія спартсмены заявілі аб стварэнні Свабоднага аб'яднання спартсменаў Беларусі.

sport_8_1.jpg


А агенцтва Moody’s паставіла на перагляд доўгатэрміновыя рэйтынгі чатырох беларускіх банкаў у сувязі з магчымасцю іх паніжэння, гаворыцца ў аглядзе агенцтва. «Рэйтынгавыя дзеянні тлумачацца рызыкамі для ліквіднасці і якасці актываў банкаў, якія звязаныя з палітычнай нестабільнасцю і сацыяльнай напружанасцю пасля прэзідэнцкіх выбараў», — сказана ў аглядзе агенцтва.