Працягваюцца суды за пратэсты 2020 года. Хронікі рэпрэсій 11 сакавіка
У Брэсце будуць судзіць дзевяць чалавек за ўдзел у пратэстах 2020 года. Гэта: Шаціловіч Сяргей, Аляшкевіч Руслан, Сцепанюк Яўген, Гранічны Артур, Чабярак Сяргей, Лямін Дзмітрый, Чарнікевіч Валерый, Уласка Сяргей, Міндыяраў Анатоль. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 11 сакавіка.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — праект «TPBELA»
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 10 сакавіка. У рашэнні ведамства не пазначаны спіс людзей, якія нібыта маюць дачыненне да праекту.
У Гродне прадаюць маёмасць палітвязня
Праз пляцоўку «Белюрзабеспячэнне» ў Гродзенскай вобласці прадаюць аўтамабіль. Гэта маёмасць асуджанага па «палітычных» артыкулах Дзяніса Кірэшчанкі.
Дзяніса Кірэшчанку затрымалі 8 жніўня 2020 года ў рамках справы аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках у Наваградку і Карэлічах (ч.3 арт. 293 КК). Яму прысудзілі 1,5 года калоніі. Кірэшчанка адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 1. 30 кастрычніка 2021 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне.
Сёння разглядалі апеляцыйную скаргу палітвязня Елісея Кузняцова. Вынік пакуль невядомы
21-гадовага хлопца ўжо тройчы судзілі па палітычных матывах. У 2020 годзе яго асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пазней за «парушэнні» яму замянілі пакаранне на пазбаўленне волі. 17 снежня 2022 года Елісей адбыў тэрмін і выйшаў на волю з наваполацкай калоніі № 1.
23 траўня 2023 года стала вядома, што Елісея зноў паказальна заключылі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы. У жніўні 2023 года яго асудзілі да 2,5 годоў калоніі за тры сарваных дзяржаўных сцяга. Палітвязень адбываў тэрмін у барысаўскай калоніі № 14.
У снежні ў Барысаве адбыўся ўжо трэці суд. Тады Елісея абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу вяла суддзя Людміла Зінкевіч, але вынік невядомы.
Сёння Мінскім абласны суд разглядаў апеляцыйную скаргу Елісея. Старшыня судовай калегіі — суддзя Алег Лапека. Вынік пакуль невядомы.