У Беларусі зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў? Хронікі рэпрэсій 12 сакавіка

 Лукашэнкаўскія эксперты збіраюцца ўрэгуляваць некаторыя моманты ў тым, што яны будуць лічыць злачынным распаўсюдам матэрыялаў, якія ўлады абвяшчаюць экстрэмісцкімі, а што — не. Пра гэта без дадатковых падрабязнасцяў напісаў прапагандыст і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, паведамляе Наша Ніва. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 12 сакавіка. 

1_1097_1.png

Якія менавіта гэта будуць змены, пакуль не вядома, але кантэкст спрэчкі дае надзею, што гаворка не пра закручванне гаек.

Увагу Гігіна і іншых прапагандыстаў прыцягнуў выхад кнігі расійскага імперскага гісторыка Аляксандра Дзюкава «Невядомая дакументальная спадчына Канстанціна Каліноўскага. З архіўных пошукаў 2022—2024 гадоў». Сярод крыніц, на якія спасылаецца Дзюкаў, — працы Сяргея Абламейкі, апублікаваныя на «Радыё Свабода», абвешчанага лукашэнкаўскімі ўладамі экстрэмісцкім.

Сярод прапагандыстаў сталі гучаць папярэджанні, што такую кнігу нельга набываць беларусам — бо гэта можа трактавацца як распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. 

Супраць такога падыходу горача выступіў Рыгор Азаронак, які заўважыў, што «навуковае выданне, на тое і навуковае выданне, што ў ім дазваляецца, напрыклад, спасылацца на «Майн Кампф» пры даследаванні фашызму», — прывёў свой аргумент ён.

Тэлеграм-канал «Графач», звязаны з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым, запярэчыў: у цяперашнім заканадаўстве няма ніякіх выключэнняў для навуковых ці нейкіх іншых мэтаў, таму фармальна кніга парушае заканадаўства Беларусі. 

Да абмеркавання далучыўся і Вадзім Гігін.

«Зараз якраз ідзе экспертная праца па ўпарадкаванні процідзеяння экстрэмісцкім матэрыялам. У выніку ўсе спрэчныя моманты будуць урэгуляваны, у тым ліку і парадак цытавання ў навуковых публікацыях», — адкрыў ён інсайд. 

У Беларусі распаўсюдам экстрэмізму лічыцца любая спасылка на незалежныя рэсурсы, якія ўлады абвяшчаюць экстрэмісцкімі.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

Telegram-чат «Типичная Беларусь chat»;

Instagram старонкі «baza_florida», «kotosby», «artasok»;

Старонка ў Facebook «КОТОС»;

YouTube-канал «Bes Live»;

Старонка ў «Аднакласніках» «БелПравда»;

Старонка ў «Х» чё ваще происходит»;

Старонкі ў TikTok «reformculture», «artsiombrukhan», «beslive».

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — праект «Беларуский OSINT "Феникс"»

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 7 сакавіка. Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Віталь Кандраценка.

Доля апраўдальных прысудаў у 2024 годзе ў Гродзенскай вобласці склала 0,089%

Пра гэта паведаміў старшыня Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун, піша «Гарадзенская праваабарона».

Агульная колькасць крымінальных спраў за 2024 год, па словах Корзуна, зменшылася амаль на 500 у параўнанні з папярэднім годам, і склала 3 358. З гэтай колькасці крымінальных спраў суды Гродзенскай вобласці абвесцілі толькі 3 апраўдальныя прысуды.

Таксама стала вядома, што ў Гродзенскай вобласці за мінулы год разглядзелі 22 431 адміністрацыйныя справы.

Майстрыцу манікюра будуць судзіць за ўдзел у пратэстах

Карыне Фасевіч 29 гадоў. Яна мінчанка, працуе майстрыцай па манікюры. У Карыны ёсць непаўналетні сын, піша «Наша Ніва».

Дзяўчыну пачынаюць судзіць 17 сакавіка ў Фрунзенскім раённым судзе Мінска. Яе абвінавачваюць па «народным» арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленга» пачынаюць судзіць за «заклікі да прычынення шкоды Беларусі»

Ірына Суржык з Мінска. Яна вучылася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Вядома, што больш за 15 гадоў Ірына працуе на ААТ «Пеленг» — найбуйнейшым праектна-канструктарскім прадпрыемстве аптычна-электроннай прамысловасці.

Апошнім часам Суржык была інжынерам-канструктарам 1 катэгорыі ў навукова-канструктарскім упраўленні СКС (яго яшчэ называюцца «дваццаткай») у сектары сістэмнага забеспячэння вытворчасці. Хутчэй за ўсё, жанчыну затрымалі падчас аблавы на «Пеленг», якая пачалася мінулым летам, пісала «Наша Ніва».

Суд над Ірынай пачаўся 12 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Жанчыну абвінавачваюць у «закліках да прычынення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Суддзя — Святлана Макарэвіч.

Нагадаем, нядаўна асудзілі яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленга» — 29-гадовую Карыну Праташчык. Ёй па тым жа артыкуле прысудзілі два гады калоніі.

Намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева абвясцілі ў міждзяржаўны вышук

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева абвясцілі ў міждзяржаўны вышук. На інфармацыю, размешчаную ў расейскай базе асоб, якія адшукваюцца, звярнуў увагу БАЖ, піша reform.news.

Раней у вышук быў абвешчаны намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі.

Падставы для вышуку ў базе не пазначаныя.

«Я не першы з беларусаў у гэтым спісе. Нагадаю, Беларускую асацыяцыю журналістаў прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем два гады таму, і ў рашэнні ўладаў пазначаны прозвішчы тых, каго старшыня КДБ Беларусі палічыў удзельнікамі гэтага фарміравання. Адпаведна, гэта ўжо падстава для ўзбуджэння крымінальнай справы супраць намесніка старшыні арганізацыі. Верагодна, так і адбылося. Але, магчыма, у іх ёсць да мяне яшчэ нейкія дадатковыя, так бы мовіць, пытанні-не выключаю», — пракаментаваў інфармацыю Агееў.

«Цяпер у Беларусі розныя дзеянні могуць быць крыміналізаваныя і прызнаныя злачыннымі, што не адпавядае ніякім міжнародным стандартам. Я дакладна не здзяйсняў ніякіх злачынстваў — я юрыст і ведаю свае правы. Але мірная рэалізацыя маіх правоў у большасці выпадкаў цяпер у Беларусі забароненая. Адпаведна, за негвалтоўную рэалізацыю маіх правоў яны спрабуюць прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці, што не адпавядае міжнароднаму праву. Таму большасць краін Інтэрпола не выконваюць і ніяк не рэагуюць на палітычна матываваныя пераследы, якія Беларусь масава ажыццяўляе. Паўтаруся, я не першы ў гэтым спісе, там, здаецца, ужо тысячы беларусаў, якіх улады абвясцілі ў гэты вышук», — дадаў ён.