Названы імёны сілавікоў з ГУБАЗіКа, якія ператварылі сваю працу ў машыну гвалту. Хронікі рэпрэсій 13 сакавіка
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў новыя доказы сістэмных катаванняў і жорсткага абыходжання — даследаванне, якое раскрывае асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, адказных за рэпрэсіі і гвалт супраць мірных грамадзян. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 13 сакавіка.

Беларусь застаецца адной з нямногіх краін у Еўропе, дзе сілавікі, датычныя да катаванняў і рэпрэсій, працягваюць дзейнічаць беспакарана. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і журналісты неаднаразова фіксавалі парушэнні, але гэтым разам удалося ўстанавіць канкрэтныя асобы тых, хто стаіць за гвалтам. Мэта даследчыкаў — дэананімізаваць злачынцаў у пагонах, датычных да катаванняў і жорсткага абыходжання, перадаць іх даныя ў органы правасуддзя і дамагчыся справядлівасці.
У аснову даследавання леглі сведчанні пацярпелых, якія падвяргаліся збіванням, прыніжэнням, прымусовым прызнанням і іншым формам гвалту з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, пачынаючы з 2020 года. Таксама праваабаронцы сабралі пацверджаныя даныя трох сілавікоў, датычных да катаванняў, уключаючы іх імёны, пасады і юрыдычную ацэнку іх злачынстваў.
Аляксандр Алёкса
— намеснік начальніка 3-га ўпраўлення, арганізатар катаванняў, фабрыкацый крымінальных спраў і рэпрэсіўных акцый супраць пратэстоўцаў.
Валерый Высоцкі
— старшы аператыўнік, датычны да жорсткіх катаванняў, у тым ліку з пагрозамі сэксуалізаванага гвалту.
Іван Тарасік
— намеснік начальніка 1-га аддзела, удзельнік стварэння «пакаянных відэа» і шантажу сем’яў затрыманых.
Гэтыя тры фігуранты даследавання — толькі пачатак. Праваабаронцы працягваюць працу, каб выявіць новыя асобы супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, датычных да катаванняў і гвалту супраць нязгодных з палітыкай Лукашэнкі.
Спампаваць даследаванне можна тут
21-гадовага хлопца арыштавалі за «заклікі» да пратэстаў у Telegram-чаце
Пракуратура Рэчыцкага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 21-гадовага хлопца ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады» (ч. 1 арт. 342 КК).
Паволе версіі абвінавачвання, хопец 12 жніўня 2020 года з дапамогай мабільнага тэлефона «Xiaomi» у публічным Telegram-чаце «Брест 97%» размясціў паведамленні, дзе «схіляў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Пра гэта паведамляе пракуратура Гомельскай вобласці. З гэтага вынікае, што падчас пратэстаў хлопцу было ўсяго 15 ці 16 гадоў, але затрымалі яго праз некалькі гадоў. Вядома, што хлопец змешачаны пад варту.
Галоўнага рэдактара «Reform» Фёдара Паўлючэнку абвясцілі ў вышук у Расіі
Даныя галоўнага рэдактара Reform.nеws Фёдара Паўлючэнкі з'явіліся ў расійскай базе «Вышук», якую вядзе МУС РФ. У якасці падставы для вышуку пазначана «шукаецца па артыкуле КК».
Верагодна, у расійскую базу Паўлючэнка трапіў на запыт беларускага боку. Паводле інфармацыі выдання, галоўрэд «Reform» праходзіць у Беларусі па некалькіх крымінальных справах, звязаных з палітыкай.
Улады абвясцілі намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева ў міждзяржаўны вышук
На падставе якога артыкула беларускія і расійскія праваахоўнікі шукаюць намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, у вышуковай базе не пазначана. Раней у вышук быў абвешчаны намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
У каментары службе маніторынгу @bajmedia Алег Агееў кажа, што, найверагодней, беларускія ўлады зрабілі запыт на вышук у Інтэрпал.
Паводле слоў юрыста, з’яўленне асабістых дадзеных у расійскай базе вышуку сведчыць пра тое, што ў Беларусі ў дачыненні да яго распачатая нейкая крымінальная справа. «Але ніякіх паведамленняў наконт гэтага я асабіста не атрымліваў. Наўрад ці мяне падавалі ў вышук як зніклага, гэта не мой выпадак», — іранізуе Агееў.
Латвійца асудзілі да 6 гадоў калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі» і «заклікі да санкцый»
У Мінскім абласным судзе грамадзяніна Латвіі Юрыйса Ганінса асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцый» (ч. 2 арт. 361 КК).
Суддзя Аляксандр Рыбакоў вынес прысуд яшчэ 19 лютага, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Агулам у беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 36 палітзняволеных замежных грамадзян, сярод іх — чатыры грамадзяніна Латвіі.
Судовы працэс над палітзняволеным журналістам Ігарам Ільяшом перапынены — публікацыі праходзяць экспертызу
Мінскі гарадскі суд аб’явіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы журналіста Ігара Ільяша. Суд пачаўся 21 лютага, з таго часу адбылося тры судовыя пасяджэнні.
Нагадаем, Ільяша абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369—1 КК РБ) і ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361—4 КК РБ). Паводле санкцый гэтых артыкулаў журналісту пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Як стала вядома СМІ, аналітычныя публікацыі журналіста адпраўлены на экспертызу, якую будзе праводзіць доктар філалагічных навук, загадчык кафедры на філфаку БДУ Сяргей Лебядзінскі. Суд адхіліў хадайніцтва Ільяша наконт таго, каб экспертыза праводзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, піша @bajmedia.