Праваслаўныя святкуюць Дабравешчанне
7 красавіка вернікі Праваслаўнай царквы, што карыстаюцца юліянскім календаром, адзначаюць адно з 12-ці вялікіх святаў — Дабравешчанне (Звеставанне) Багародзіцы.
«Дабравешчанне», мазаікі на двух слупах Кіеўскай Сафіі, каля 1040 года.
Дабравешчанне азначае «добрая» вестка. У гэты дзень Дзеве Марыі з’явіўся архангел Гаўрыіл і абвясціў Ёй пра будучае нараджэнні Ісуса Хрыста — Сына Божага і Збавіцеля свету.
Пра гісторыю і тэалогію гэтага свята распавядае айцец Кастусь Бандарук:
— Яно святкавалася ўжо ў апостальскія часы і называлася Пачаткам адкуплення або Дабравешчаннем аб Хрысце. Сама падзея дакладна апісаная ў Евангеллі. Марыя ўспрыняла словы арханёла з вялікай пакорай: “Я — служанка Гасподняя. Хай станецца паводле слова твайго”.
У святочных багаслужбах падкрэсліваецца пакора Божай Маці і тайна ўцялесяння Сына Божага, недаступная чалавечаму розуму. Гаворыцца, што дзякуючы нараджэнню Божага Сына, зноў адноўлена лучнасць чалавека з Богам.