Праверку наконт збіцця журналіста Паўла Дабравольскага зноў працягнулі на месяц
25 сакавіка скончыўся двухмесячны тэрмін, адведзены Следчаму камітэту (СК) на праверку з нагоды збіцця журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага.

Фота: belapan.com
Следчыя абяцалі з дня на дзень праінфармаваць збітага журналіста, ці завядуць крымінальную справу супраць АМАПаўцаў. Але ў сераду карэспандэнт TUT.BY атрымаў чарговую пастанову — аб падаўжэнні тэрміну праверкі да 25 красавіка.

Дакумент падпісаны намеснікам начальніка аддзела следчага ўпраўлення УСК па Мінску Сямёнам Піцко.
Сам Павел Дабравольскі, між тым, не губляе надзеі, што вінаватыя ў збіцці міліцыянты ўсё ж панясуць пакаранне і праверка скончыцца прыцягненнем вінаватых у прымяненні сілы да адказнасці.
25 студзеня ў пачатку судовага пасяджэння па "справе графіцістаў" моладзевыя актывісты разгарнулі расцяжку з надпісам "Не – палітычным пераследам". Іх вывелі з залы суда і павялі па калідоры, дзе іх пачаў здымаць на відэа журналіст Павел Дабравольскі. Яго разам з актывістамі завялі ў пакой, збілі, пасля даставілі ў Фрунзенскі РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым прыгаварылі да штрафаў у тым жа судзе Фрунзенскага раёна па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і арт. 23.34 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) КаАП.
Паводле baj.by