Салігорск: пракуратура не лічыць незаконнымі пагрозы аб унясенні ў спісы “невыязных”

У спрэчцы паміж мясцовым праваабаронцам Леанідам Мархотка і КУП “Разлікова-касавы цэнтр г.Салігорска” пракуратура Салігорскага раёна ўстала на бок дзяржаўнай установы.



prakurory.jpg

Напрыканцы траўня праваабаронца накіраваў пракурору Салігорскага раёна скаргу на дзеянні Разлікова-касавага цэнтру, які змясціў у “жыроўках” абвестку аб стварэнні спісаў “невыязных” ды ўзяў на сябе адказнасць па накіраванні гэтых спісаў у Дзяржаўны памежны камітэт. Замест рэагавання на супрацьпраўныя дзеянні камунальнікаў, пракуратура ўзялася бараніць іх.

— Мне абсалютна не зразумела, чаму пракуратура ўсклала на сябе функцыю адваката Разлікова-касавага цэнтру. Не зразумела, чаму незаконнае запалохванне грамадзян называюць “абвесткай інфармацыйна-папераджальнага характару ў спрошчанай форме”. Навошта мне тлумачыць заканадаўчыя нормы, рэгулюючыя выезд грамадзян, калі гаворка пра неправавы, застрашаючы змест дасланай на мой адрас абвесткі, — абураецца Леанід Мархотка.

На думку праваабаронцы, інфармацыйныя абвесткі прававога характару мусяць тлумачыць грамадзянам іх правы і абавязкі, а не ўводзіць у зман сваім хлуслівым зместам. У бліжэйшы час рашэнне пракуратуры Салігорскага раёна Леанід Мархотка збіраецца абскардзіць у пракуратуры Мінскай вобласці.

Атрымаў праваабаронца адказ на сваю прэтэнзію аб выплаце маральнай шкоды і ад кіраўніцтва Разлікова-касавага цэнтру. Дырэктрака цэнтру Л. В. Бяліцкая прызнала дабрасумленнасць спадара Мархоткі адносна своечасовасці аплаты камунальных паслугаў, але кампенсаваць маральную шкоду ў памеры 500 тысяч рублёў за “запалохванне” адмовілася.

Звяртацца з гэтай нагоды ў суд Леанід Мархотка пакуль не спяшаецца. У новых “жыроўках”, якія нядаўна атрымалі жыхары Салігорску, абвестак незаконнага ды запалохваючага зместу ўжо няма.


spring96.org