Салігорск: праваабаронца некалькі месяцаў не можа атрымаць копію "таямнічага" выканкамаўскага рашэння

Ужо некалькі месяцаў салігорскі праваабаронца Леанід Мархотка не можа атрымаць копію “таямнічага” рашэння Салігорскага выканкаму, якое абмяжоўвае права грамадзян на свабоду мірных сходаў у рэгіёне.



marhotka_pashtouki.jpg

Раней выканкамаўскія ідэолагі нават пад ціскам пракуратуры адмовіліся надаць галоснасці свайму рашэнню, на падставе якога 10 снежня мінулага года быў забаронены пікет да Дня правоў чалавека на Цэнтральнай плошчы Салігорска. Чыноўнікі адфутболілі мясцовых праваабаронцаў на адпаведныя пошукі ў “Занальны дзяржаўны архіў у г.Слуцку”. 27 лютага Леанід Мархотка накіраваў адпаведны запыт у слуцкі архіў, але адказу на свой афіцыйны зварот дагэтуль не атрымаў.

— Тэкст гэтага таямнічага рашэння нам ужо даўно вядомы. Па заявах старшыні Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч гэтае адыёзнае рашэнне ўжо нават адменена. Але для паспяховай рэалізацыі распачатых намі прававых дзеянняў нам неабходна мець афіцыйную копію гэтага дакумента, — кажа спадар Мархотка. — Па тэлефоне ў занальным архіве мне паведамілі, што запыт атрымалі і паабяцалі даслаць дублікат адказу нават на электронную скрыню. Аднак, у парушэнне закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, ні пісьмовага, ні электроннага адказу я так і не атрымаў.

Салігорскі праваабаронца накіраваў у Занальны дзяржаўны архіў паўторную просьбу аб прадстаўленні яму пісьмовага адказу на зварот. У выпадку чарговага ігнаравання звароту Леанід Мархотка абяцае прыцягнуць дырэктарку архіва да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама звярнуцца з пазовам у суд аб пакрыцці яму матэрыяльнай і маральнай шкоды.

 
spring96.org