СБУ затрымала ўжо 30 дыверсантаў з Расіі
Дарадца прэзідэнта Украіны і колішні кіраўнік Службы бяспекі Украіны Ігар Смешка заявіў, што на сёння ўлады гэтай краіны затрымалі 30 грамадзянаў РФ, якіх падазраюць у сувязях з выведкай Расіі.

«Трэба дакладна высветліць, хто з'яўляецца тэрарыстамі. Для гэтага патрэбныя магутныя выведны і аператыўна-агентурны складнікі. На сённяшні дзень у СБУ пачаў нядрэнна працаваць сектар контравыведкі, мы маем каля 30 затрыманых грамадзян РФ, яны аб’ектыўна падазраюцца ў сувязях з выведнымі органамі Расіі», — адзначыў Смешка.
«Мы бачым пэўныя зрухі ў радыёэлектроннай выведцы, якая дае дакументальныя дадзеныя пра ўмяшанні з боку РФ ва ўнутраныя справы Украіны, якія фактычна падбухторвалі да баявых дзеянняў супраць цэнтральнага ўраду», — дадаў ён.
Антытэрарыстычная аперацыя, якая праводзіцца на ўсходзе Украіны, «фактычна мае элементы ваеннай аперацыі».
Колішні кіраўнік СБУ кажа, што ўлада ня мае «іншага выйсця зараз, як адказваць на прымяненне зброі прымяненнем зброі», піша УНІАН.