Сябраў ПЦ «Вясна» зноў выклікаюць на допыты

На допыт па крымінальнай справе, заведзенай паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», — 3 траўня ў чарговы раз выклікалі старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага.

bialiacki_2000.jpg

Таксама сёння выкліканы на допыт у CК сябра «Вясны» Андрусь Крэчка.
Магілёўскі экаактывіст Леанід Платоненка павінен з'явіцца на допыт у Магілёўскі міжраённы аддзел СК. Як распавёў журналістам Леанід Платоненка, ён павінен прыйсці да следчага Андрэя Бядуліна, які будзе яго дапытваць «па справе "Вясны"».
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).
Рада ПЦ «Вясна» выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцей правоў чалавека і дэмакратыі.
spring96.org