«Вясна»: За красавік асуджана не менш за 98 чалавек па «пратэсных» крымінальных справах

5 сакавіка Іван Наскевіч, які ўзначальваў на той момант Следчы камітэт, паведаміў, што ў Беларусі з моманту постэлектаральных падзей 2020 года ўзбуджана 2407 крымінальных спраў экстрэмісцкай скіраванасці. У гэту колькасць уключаны ўсе «палітычныя» справы — ад надпісаў на будынках да ўжывання гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў, распавядае «Вясна».

sud_braty_nikiciny_amelchenia.jpg

15 красавіка ў Генпракуратуры агучылі статыстыку па «пратэстных» крымінальных справах — больш за 3000. Паводле намесніка генпракурора Генадзя Дыско, у гэты лік уваходзяць злачынствы, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем незаконных масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту, 750 фактаў апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці, каля 600 абразаў прадстаўнікоў улады, больш за 300 выпадкаў гвалту ці пагрозы яго ўжывання ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Па стане на 1 траўня праваабаронцам «Вясны» вядома пра больш за тысячу фігурантаў крымінальных спраў, якія былі ўзбуджаныя па палітычных матывах. На дадзены момант у Беларусі ў месцах няволі ўтрымліваецца 360 палітычных зняволеных, 196 з якіх асуджаныя, у адносінах да 28 палітвязняў ідзе судовае разбіральніцтва. За красавік гэтага года спіс палітвязняў папоўніўся 39 фігурантамі крымінальных спраў; асуджаныя не менш за 98 фігурантаў «пратэстных» крымінальных спраў.

Умовы назірання

ПЦ «Вясна» ажыццяўляе бесперапынны маніторынг крымінальных спраў, якія маюць палітычны складнік. Назіранне праводзіцца ва ўмовах актыўных следчых дзеянняў у дачыненні да ўсіх сябраў арганізацыі ў сувязі з крымінальнай справай па факце дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна», што расследуецца Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Цэнтральнага апарата СК.

Маніторынг крымінальных спраў у красавіку суправаджаўся арыштам прадстаўніка ПЦ «Вясна» у г. Баранавічы Аляксандра Вайцешыка. Падчас назірання за крымінальнай справай па падзеях 9 жніўня мінулага года Аляксандр Вайцешык пачаў весці аўдыязапіс судовага працэсу, які пасля зрабілі закрытым, а нашага калегу абвінавацілі ў непавазе да суда і ўзялі пад 15-суткавы адміністрацыйны арышт, пасля чаго ён абвясціў галадоўку. Пасля скаргі адваката пастанова аб арышце была скасаваная, праваабаронца пасля 8 сутак утрымання ў ізалятары быў вызвалены.

Галоснасць судовага разбіральніцтва

Беларускія ўлады працягваюць ствараць перашкоды ў атрыманні інфармацыі аб ходзе шматлікіх судовых разбіральніцтваў, інфармацыя аб якіх уяўляе грамадска значны інтарэс. На працягу красавіка ў закрытым судовым паседжанні разгледжаны шэраг «пратэстных» крымінальных спраў.

У Баранавічах на 3,5 гады пазбаўленныя волі асуджаны Эдуард Жданко па падзеях 9 жніўня мінулага года за тое, што нібыта «ён далучыўся да дзеянняў грамадзян, якія аказвалі супраціўленне вайскоўцам унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь, якія ахоўвалі грамадскі парадак, кінуў фрагмент ходнікавай пліткі ў плячо вайскоўца, прычыніўшы цялеснае пашкоджанне, якое не пацягнула за сабой кароткачасовага расстройства здароўя ці нязначнай ўстойлівай страты працаздольнасці, і фізічны боль».

У Слуцку ў закрытым судовым паседжанні асуджаны да аднаго і паўтара гадоў пазбаўлення волі два грамадзяніна за падрыхтоўку і замах на збор звестак аб прыватным жыцці суддзі Салігорскага раёна.

У закрытым выязным судовым паседжанні праходзіла разбіральніцтва крымінальнай справы Віцебскім абласным судом у дачыненні да жыхара г. Полацка па крымінальнай справе аб распальванні сацыяльнай варожасці, абразе прэзідэнта і пагрозе гвалту над прэзідэнтам з мэтай перашкаджэння яго законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці, з помсты за выкананне службовых абавязкаў.

У Мінску ў закрытым паседжанні праводзіўся разгляд крымінальнай справы Алега Корбана. У закрытым паседжанні ў судзе Круглянскага раёна праходзіў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Вольгі Клімкінай, Сяргея Скока і Максіма Сяргеенкі, якім прысуджаныя вялікія тэрміны пазбаўлення волі за развешванне пудзілаў службоўцаў. У закрытым судовым паседжанні на тэрыторыі СІЗА г. Гомеля асуджаны Уладзімір Няпомняшчых.

У Паставах падчас разгляду крымінальнай справы па захоўванні патронаў і абразе начальніка мясцовага РАУС прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачання сачыў за тым, каб не вёўся аўдыязапіс працэсу. Падчас разгляду крымінальнай справы аб хваляваннях ў Пінску канваіры прымушалі ўсіх прысутных выключыць тэлефоны, чым стваралі перашкоды ў зборы інфармацыі аб ходзе судовага разбіральніцтва.

На працягу ўсяго разбіральніцтва ўзнікаюць праблемы з галоснасцю судовага разбіральніцтва ў Гомелі падчас суда над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. На працэс пускаюць па адным сваяку кожнага з чатырох фігурантаў, матывуючы гэта тым, што суддзя не вырашае дадзенага пытання. Канваіры загадваюць усе рэчы і тэлефоны слухачоў пакідаць у ячэйках перад тым, як зайсці ў залу судовага паседжання. На слуханні акрэдытоўваюць толькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Залу, у якой праходзіць разгляд крымінальнай справы, пераважна запаўняюць студэнтамі юрыдычнага фактультета. Частка судовага разбіральніцтва праводзілася ў закрытым рэжыме, калі дапытвалі пацярпелых з-за абразы ў сувязі з тым, што сілавікі баяліся разгалашэння сваіх персанальных дадзеных.

COVID-19 у якасці прычыны нядопуску на судовае разбіральніцтва выкарыстоўваўся па справе Аляксея Ліпеня, Анастасіі і Вікторыі Міронцавых. Штучнае стварэнне ўмоваў па абмежаванні доступу ў залу судовага паседжання зафіксавана падчас маніторынгу крымінальнай справы, узбуджанай па факце дзейнасці telegram-канала «Армія з народам», — для слуханняў была выдзелена адна з самых невялікіх залаў, у выніку чаго не паседжанне не змаглі трапіць каля 30 слухачоў.

«Катавальнае» правасуддзе

Суды па-ранейшаму пакідаюць без ацэнкі факты катаванняў фігурантаў «пратэстных» крымінальных спраў. Аб ужыванні недапушчальных метадаў вядзення следства падчас судовага разбіральніцтва заяўляла сведка па крымінальнай справе ў дачыненні да валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі, калі расказвала пра збіццё абвінавачанага Ігара Ярмолава.

Праз катаванні ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама на вул. Акрэсціна прайшла Аляксандра Патрасаева, асуджаная да трох гадоў «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня мінулага года.

Юлію Якубовіч затрымалі па крымінальнай справе і шэсць сутак пратрымалі ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама на вул. Акрэсціна. Кожны дзень яе вазілі на допыты, 2 лютага яна знепрытомела падчас следчых дзеянняў, пасля чаго яе шпіталізавалі ў знясіленым стане ў бальніцу, дзе яна правяла некалькі дзён пад кропельніцай.

Падчас судовага разбіральніцтва па абразе Лідзіі Ярмошынай абвінавачаная Аляўціна Карчук заявіла аб тым, што сведчанні на папярэднім следстве давала пад ціскам сілавікоў, якія пагражалі ёй.

Пасля затрымання пад катаваннямі прымусілі разблакаваць мабільны тэлефон Аляксея Ліпеня, асуджанага да пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Пра збіццё і выкарыстанне газавага балончыка падчас затрымання ў судзе заяўляў Уладзімір Жыхар, аднак яго заяву пра здзяйсненне ў дачыненні да яго злачынства не прынялі да разгляду.

Міхал Калішук, фігурант крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Брэсце, падчас судовага пасяджэння заявіў, што канваіры дастаўляюць яго ў суд заломваючы рукі. Палітвязень расказаў суддзі, што канваір яго абражае, разбіў брыво, збіваў, выкарыстоўваў электрашокер, распыляў пярцовы газ.

Некалькі абвінавачваных па справе пра масавыя беспарадкі ў Брэсце перадалі сваякам інфармацыю, што яны ў дні судовых пасяджэнняў вымушаны адмаўляцца ад прыёму ежы ў абед, бо іх перавозяць у позе «ластаўкі», а для прыёму ежы не выдаюць сталовыя прыборы.

Падчас разгляду крымінальнай справы пра вывешванне пудзілаў і замыканні рэек у Брэсце дзяржаўны абвінаваўца звярнула ўвагу на тое, што паказанні абвінавачванай Наталлі Барынавай на папярэднім следстве істотна адрозніваюцца ад паказанняў падчас судовага следства. Наталля Барынава адмовілася ад паказанняў, дадзеных ёю на этапе папярэдняга следства, бо следчыя пагражалі ёй вялікім турэмным тэрмінам, органамі апекі, якія нібыта ўжо аформілі дакументы на адабранне 4-гадовай дачкі.

Другі фігурант гэтай крымінальнай справы Сяргей Сіліч адмовіўся ад паказанняў, дадзеных на этапе папярэдняга расследавання, бо яны даваліся ім пасля затрымання, падчас якога яму прычынілі траўму спіны, а таксама ў сувязі з затрыманнем жонкі на дзесяцідзённы тэрмін, якой пасля так і не было прад'яўлена абвінавачанне.

Даніла Бандарчук, які абвінавачваецца ў масавых беспарадках на тэрыторыі Брэста ў жніўні мінулага года, у судовым пасяджэнні адмовіўся ад паказанняў, дадзеных ім на этапе папярэдняга расследавання, бо адразу з моманту затрымання падчас транспарціроўкі ў орган крымінальнага праследавання яго збівалі супрацоўнікі ў масках, суправаджаючы гэта словамі: «Збіццё не скончацца, пакуль не раскажаце ўсё, як было». Суддзя пасля расказу пра катаванні спытаў у абвінавачванага, у чым была неабходнасць яго збіваць, каб ён абгаварыў сябе ці брата, які таксама быў падвергнуты катаванням адразу з моманту затрымання.

Пра факты ціску падчас папярэдняга расследавання заяўлялі сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, справа якіх разглядаецца судом Чыгуначнага раёна Гомеля.

Геаграфія прысудаў

Геаграфія асуджаных у красавіку выглядае наступным чынам:

Мінск — 31

Брэсцкая вобласць — 33 (Брэст, Баранавічы, Іванава, Камянец)

Гродзенская вобласть — 8 (Гродна, Навагрудак)

Мінская вобласть — 8 (Мінскі раён, Барысаў, Маладзечна, Слуцк, Стоўбцы)

Магілёўская вобласць — 8 (Магілёў, Бялынічы, Круглае)

Гомельская вобласць — 5 (Гомель, Жлобін, Ельск, Буда-Кашалёва)

Віцебская вобласць — 5 (Віцебск, Полацк, Орша)

Праваабаронцам вядомы адзін выпадак у Брэсцкай вобласці (Бяроза), дзе фігурант крымінальнай справы не з'явіўся на судовае пасяджэнне, пасля чаго быў абвешчаны ў вышук.

Віды і памеры пакарання

Сумарна за красавік па «пратэстных» крымінальных справах, вядомых праваабаронцам, суды вынеслі

205 гадоў и 7 месяцаў пазбаўлення волі;

42 гады абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;

48 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову;

5 месяцаў арышту;

400 базавых велічынь склала сума штрафаў (штраф ўжываўся да двух асуджаных у якасці дадатковага пакарання);

Прымусовыя меры бяспекі і лячэння разам з чатырма гадамі абмежавання волі прызначаныя за «пагрозу гвалтам» у дачыненні да былога кіраўніка МУС Караева.

Пакаранне, звязанае з пазбаўленнем ці абмежаваннем волі па «пратэстных» крымінальных справах у красавіку, прымянялася ў дачыненні да 52% асуджаных. Абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову ў 21,4% выпадках. Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — 23,5%. Арышт прымяняўся ў 3%.

Такім чынам, пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі ці яе абмежаваннем ужывалася ў 100% выпадкаў пры вынясенні прысудаў па палітчына матываваных крымінальных справах у красавіку.

Прымяненне судамі ў якасці пакарання самых суровых яго відаў (пазбаўленне волі, «хімія», «хатняя хімія», арышт) сведчыць пра працяг ўладамі тэндэнцыі па ўшчамленні ахвяраў палітычных рэпрэсій у адным з найдаражэйшых правоў і неад’емнай каштоўнасці чалавека — яго асабістай волі.

Абвінаваўчы ўхіл правасуддзя

За красавік праваабаронцы «Вясны» не зафіксавалі ніводнага апраўдальнага прысуду фігурантам палітычна матываваных крымінальных спраў. Маніторынг пасяджэнняў дазваляе зрабіць адназначную выснову пра тое, што суды займаюць пазіцыю дзяржаўнага абвінавачання, а ў шэрагу выпадкаў і адстойваюць пазіцыю гэтага боку працэсу, прымаючы абвінаваўчы ўхіл падчас разгляду справы. За красавік вядомы толькі адзін выпадак, дзе дзяржаўнае абвінавачанне адмовілася ад часткі выстаўленых абвінавачанняў па ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК у дачыненні да Прысталенкі Н.У., якога асудзілі да максімальнага пакарання па арт. 370 КК за абразу дзяржаўнага сцяга.

Апеляцыйная інстанцыя Гродзенскага абласнога суда ўзмацніла жорсткасць пакарання Васілю Пільцу з аднаго года абмежавання волі без накіравання на адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Гэта не першы выпадак змены ў апеляцыі прысуда фігуранту крымінальнай справы ў бок пагаршэння яго прававога становішча. Раней, у сакавіку, Гродзенскі абласны суд узмацніў жорсткасць пакарання Мікіце Самарыну з чатырох гадоў абмежавання волі на два з паловай гады пазбаўлення волі.

Як правіла, апеляцыйныя інстанцыі пакідаюць прысуды без зменаў, не задавальняючы пратэсты пракуратуры і скаргі абвінавачваных. Мінгарсуд адмовіў у задавальненні скаргі і пакінуў у сіле прысуд палітвязню Дзмітрыю Дубкову, пры гэтым выключыўшы з абвінавачання ўзброены характар нападу пры ўгоне транспартнага сродку невядомымі асобамі.

Несуцяшальныя высновы праваабаронцаў

Маніторынг «пратэстных» крымінальных спраў дазваляе зрабіць выснову: крымінальны праслед застаецца адной з формаў нецярпімасці беларускіх ўладаў да любога праяўлення пратэсту і стварае ў грамадстве атмасферу зняверанасці з-за масавых парушэнняў праў чалавека.

Ва ўмовах ліквідацыі дзяржавай рэшткаў незалежнасці інстытута адвакатуры ў сувязі з прыняццем шэрагу зменаў у заканадаўства пра адвакацкую дзейнасць, пазбаўленні шэрага адвакатаў палітвязняў права на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці, праследавання журналістаў і праваабаронцаў зніжаецца эфектыўнасць абароны фігурантаў крымінальных спраў.

Фарсіраванае прыняцце паправак у заканадаўства, што датычацца да дзейнасці журналістаў па асвятленні мірных сходаў, супрацьдзеянню экстрэмізму, крыміналізацыя распаўсюджвання інфармацыі пра правядзенне мірных сходаў толькі павялічвае маштаб масавых парушэнняў праў чалавека.

Беларускія ўлады выкарыстоўваюць рэпрэсіі ў якасці асноўнага інструмента замест спробаў наладзіць канструктыўны дыялог з пераважнай часткай грамадства, якая па сённяшні дзень ставіць пад сумнеў легітымнасць аўтарытарнай вертыкалі ўлады прэзідэнта пасля падзей жніўня 2020 года.