Толькі горш: Праваабаронцы распавялі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў красавіку
Асаблівую занепакоенасць выклікаюць прынятыя парламентам змены ў шэраг законаў і Крымінальны кодэкс, накіраваныя на ўзмацненне крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстных сходах і публічную крытыку дзейнага палітычнага рэжыму.
Праваабаронцы падрыхтавалі справаздачу аб правах чалавека за красавік 2021 года. Высновы не радуюць:
- на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных Генеральнай пракуратуры, за перыяд са жніўня 2020 года было распачата больш за тры тысячы крымінальных справаў за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту;
- па дадзеных ПЦ "Вясна", на працягу месяца судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да прынамсі 96 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг судовых працэсаў, які праводзіцца валанцёрамі і юрыстамі ПЦ "Вясна", засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва і працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных;
- у месцах несвабоды знаходзяцца 360 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца;
- працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях. Усяго за красавік ПЦ "Вясна" валодае інфармацыяй аб затрыманні 304 чалавек (з іх у Мінску 253) і аб вынясенні больш за 210 судовых пастановаў: у 131 выпадку накладзены адміністрацыйны арышт, у 68 – штраф;
- 17 красавіка ў Маскве супрацоўнікамі ФСБ Расіі ва ўзаемадзеянні з КДБ Беларусі былі затрыманыя грамадзянін Беларусі і ЗША Юрась Зянковіч і палітычны дзеяч Аляксандр Фядута. Пазней дзяржаўныя СМІ
- Беларусі паведамілі пра затрыманне ў Мінску старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і Вольгі Галубовіч. У дачыненні да затрыманых распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 357 КК (змова і іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады). Дадзеныя працэсы суправаджаюцца актыўнай і агрэсіўнай прапагандысцкай рыторыкай афіцыйнага Мінска і Масквы аб нібыта датычнасці спецслужбаў ЗША да падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і замаху на А. Лукашэнку і членаў яго сям'і;
- працягваўся ціск на праваабаронцаў. На працягу месяца праходзілі ператрусы і затрыманні прадстаўнікоў шэрагу праваабарончых арганізацый, а таксама актыўныя следчыя дзеянні ў дачыненні да сябраў ПЦ "Вясна";
- выклікаюць занепакоенасць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
- асаблівую занепакоенасць выклікаюць прынятыя парламентам змены ў шэраг законаў і Крымінальны кодэкс, накіраваныя на ўзмацненне крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстных сходах і публічную крытыку дзейнага палітычнага рэжыму, а таксама датычных працы СМІ;
- на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала пагаршацца.
Цалкам справаздачу можна прачытаць тут.