«Сказалі, не тое надзела». Мінчанку аштрафавалі за чырвона-белыя шкарпэткі
«Сказалі, што ў мяне шкарпэткі не таго колеру», — распавядае мінчанка Наталля пра сваё затрыманне 25 сакавіка і прысуджаны штраф. Жанчына, якая цяпер вырашыла распавесці сваю гісторыю, кажа, што ў той дзень ішла на курсы ў аўташколу, на ёй былі надзетыя шкарпэткі белага колеру з чырвонай паласой. За гэта суд аштрафаваў яе на 80 базавых велічынь — 2320 рублёў. Дарэчы, такіх шкарпэтак ужо няма ў продажы, звярнулі ўвагу чытачы TUT.BY.
Наталля Сіўцова-Сядушкіна жыве ў Мінску побач з кінатэатрам «Кастрычнік». У сераду, 24 сакавіка, міліцыя звярнула ўвагу на балкон
яе кватэры: на ім былі завязаныя чырвоныя і белыя стужачкі. Сілавікі прыйшлі да
яе дадому, знялі стужкі і павезлі гаспадыню ў РУУС Савецкага раёна, там на яе
склалі пратакол за пікетаванне. На наступныя суткі (а гэта быў Дзень Волі)
адбыўся суд, які прызнаў Наталлю вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні і
прызначыў ёй штраф 70 базавых велічынь (2030 рублёў).
— Я вярнулася з суда, і ўвечары таго ж дня, прыкладна ў
19.28, адправілася на вадзіцельскія курсы — яны пачыналіся ў 20.00. Толькі
выйшла з аркі дома, як са спіны да мяне падышлі чацвёра сілавікоў у балаклавах
і чорнай вопратцы, — успамінае пра падзеі жанчына.
Па словах Наталлі, ёй паведамілі, што ў яе «шкарпэткі
не таго колеру». Мінчанка кажа, што яе «паднялі і панеслі» за
кінатэатр — туды, дзе стаялі аўтазакі. Наталля прасіла паставіць яе на ногі,
маўляў, яна пойдзе сама і ўцякаць не збіраецца.
— Напэўна я сапраўды была даволі прыкметнай: белыя куртка і
красоўкі, сінія скарочаныя джынсы і белыя шкарпэткі з чырвонай паласой
вытворчасці Mark Formelle, якія былі бачныя напалову. Але хіба гэта парушэнне?
Я спакойна ішла, нікому не замінала і нікога не чапала.
Затрыманую даставілі ў РУУС Савецкага раёна. Там яе
пратрымалі больш трох гадзінаў — Наталля паведаміла, што ў яе непаўнагадовае дзіця. Жанчына выйшла з міліцыі з чарговым пратаколам, складзеным на яе па ч.1
арт. Суд разгледзеў гэтую справу ўжо на наступны дзень, але рашэнне не прыняў — адправіў
матэрыялы на дапрацоўку.
— Я папрасіла суд запытаць запісы з камер вонкавага
відэаназірання, у якіх было відаць, як я ішла па праспекце, як мяне
затрымлівалі. Таксама сама хацела падрыхтавацца — даказаць, што я ішла па справе,
на курсы.
Падчас наступных судовых пасяджэнняў Наталлі паведамілі, што
запіс з камеры даць немагчыма — праз месяц пасля затрымання яны ўжо былі
выдаленыя. Міліцыя «дапрацавала» пратакол: цяпер у ім было напісана,
што жанчына не проста ішла ў БЧБ шкарпэтках (толькі гэта было пазначана ў
першым пратаколе), але і падымала ўверх руку, з пальцамі, складзенымі ў «V». У
адказ на яе жэст ёй сігналілі аўтамабілі.
У выніку суд пад старшынствам Сяргея Шаціла (дарэчы, ён
судзіў Наталлю і за стужачкі) вынес рашэнне па справе: аштрафаваць Наталлю на
80 БВ — 2320 рублёў. Інфармацыя пра затрыманні Наталлі і суды пацвярджаецца
звесткамі валанцёраў, якія адсочваюць інфармацыю пра затрыманых і судовыя
паседжанні.
Пакуль Наталля не аплаціць штраф, то канфіскаваныя ў яе тэлефон
і брошка будуць арыштаваныя.
— Цяпер я павінна 4350 рублёў. Такіх грошай на пагашэнне
штрафу ў мяне няма, хоць я працую, але адкладаць запасы магчымасцяў не маю.
Спрабавала апратэставаць рашэнне суда па стужках — яго пакінулі ў сіле. Цяпер
буду спрабаваць апратэставаць рашэнне па шкарпэтках, — кажа жанчына.
Гэта не першая гісторыя, калі затрымлівалі з-за
бела-чырвоных шкарпэтак.
Удакладнім, што такіх шкарпэтак ад Mark Formelle, у якіх
была Наталля падчас затрымання, ужо няма ў продажы. На гэта звярнулі ўвагу нашы
чытачы. Такія ж белыя, але з чорнай паласой, ёсць у продажы, а з чырвонай — не.
Таксама чытачы звярнулі ўвагу, што не могуць знайсці ў крамах белыя майкі з
прынтам, на якім слова «Белоруссия» чырвонымі літарамі было выпраўлена
на «Беларусь». «У нашай кампаніі ўсё выпускаецца невялікімі серыямі,
асартымент хутка абнаўляецца. Зараз паступае новая калекцыя. Спадзяемся, яна
спадабаецца пакупнікам», — растлумачылі ў Mark Formelle.