Сяргею Каваленку прысудзілі 10 сутак арышту

Паводле міліцэйскага пратаколу, Сяргей Каваленка быў затрыманы за дробнае хуліганства і за непадпарадкаванне міліцыянтам. Адразу пасля затрымання яго змясцілі пад варту, а амаль трое сутак ён адбыў у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. Там ён з самага моманту затрымання трымаў галадоўку.



kovalenko.jpg

Сябра КХП-БНФ затрымалі ў Віцебску 24 снежня. У той дзень на даху жылога шматпавярховіка быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг.

Штодня ў ІЧУ тэлефанавалі сваякі і сябры, каб даведацца дату суду. Аднак толькі 27 снежня Сяргея Каваленку прывезлі ў Першамайскі райсуд. Працэс распачаўся ў 11.30, разбіранне праводзіў суддзя Андрэй Прэйс. Ён не задаволіў хадайніцтва Сяргея Каваленкі пра тое, каб ягоныя інтарэсы бараніў мінскі адвакат Аляксандар Галіеў, з якім актывіст ужо паспеў вусна дамовіцца. Ад паслугаў дзяжурнага віцебскага адваката Сяргей Каваленка адмовіўся.

За тое, што ягонае права на абарону было парушана, спадар Каваленка абвясціў адвод суду. Але ён не быў прыняты. Больш таго: суддзя Прэйс выклікаў у якасці сведкі супрацоўніка ІЧУ, які заявіў пра тое, што ўсе магчымасці дамовіцца з адвакатам Сяргею Каваленку былі прадстаўлены яшчэ ў ізалятары. У той час як Каваленка засведчыў, што яму не дазволілі нават патэлефанаваць жонцы, каб спытаць тэлефон адваката.

Іншымі сведкамі на судзе таксама былі толькі міліцыянты. Усе трое паказалі, што Сяргей Каваленка здзейсніў дробнае хуліганства — нібыта ён спраўляў малую патрэбу ў грамадскім месцы. І адбывалася гэта нібыта на сцежцы каля аўтобуснага прыпынку, на вачох у мінакоў. Таксама актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтам — нібыта ён адмаўляўся добраахвотна сесці ў машыну і ехаць у РАУС для складання пратаколу.

Паводле Сяргея Каваленкі, непадпарадкавання не было, як не было і самога факту хуліганства:

«На судзе я ў кожнага міліцыянта пытаўся, ці ёсьць у іх гонар і сумленне. Адказу не дачакаўся ні ад аднаго! Насамрэч мяне затрымалі, як толькі я выйшаў з аўтобуса, прыехаўшы дахаты. А вяртаўся я ад маці. На даху дому па Маскоўскім праспекце, дзе яна жыве, каля поўдня 24 снежня быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Я ўпэўнены: менавіта гэтая акалічнасць і ёсць сапраўднай прычынай майго затрымання».

Суддзя Андрэй Прэйс пастанавіў пакараць Сяргея Каваленку дзесяццю суткамі арышту — трое сутак за нібыта здзейсненае хуліганства, і сем — нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам. Тэрмін адліку «сутак» пачаўся з часу затрымання 24 снежня. І мае скончыцца 3 студзеня.

Такім чынам, Новы год віцебскі актывіст будзе вымушаны сустракаць за кратамі. Дарэчы, сёлета ў Віцебску прадпрымаюцца надзвычайныя захады па ахове гарадской елкі, на якой у 2010 годзе Сяргей Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. Сёлета каля елкі міліцыянты дзяжураць круглыя суткі, і да 8 студзеня, як абвешчана віцяблянам, міліцыя будзе несці службу ва ўзмоцненым рэжыме. Як паведамлялася праз дзяржаўныя СМІ, на навагоднія імпрэзы не пусцяць людзей у нецвярозым стане, са зброяй ці яе муляжамі, а таксама з «забароненай сімволікай». Што да яе адносіцца, гараджанам дакладна не патлумачылі.

Радыё Свабода