СК: Уладзімір Беражкоў гатовы пакрыць нанесены ўрон і мае намер прасіць аб памілаванні

Былы выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Уладзімір Беражкоў гатовы пакрыць нанесены ўрон і мае намер прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні, паведаміў сёння на брыфінгу ў Мінску начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі Алег Шандаровіч.



berazhkou1.jpg

Паводле яго слоў, Беражкоў супрацоўнічае са следствам і з больш як 1 млрд. рублёў, выстаўленых яму ў якасці выкрадзенага, пакрыў ужо 133 млн. Пакрыццё ажыццяўляецца з банкаўскага рахунку Беражкова, на якім арыштавана 1,8 млрд. рублёў. 
Алгарытм пастаўленых у віну Беражкову дзеянняў ён пацвердзіў, заявіў прадстаўнік СК. 26 жніўня былому в.а. гендырэктара ХК "Дынама-Мінск" прад'яўлена абвінавачанне ў завалоданні грашовымі сродкамі клуба на суму 1 млрд. 90 млн. рублёў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў (ч. 4 арт. 210 КК). 
Што датычыцца акалічнасцяў крымінальнай справы Беражкова, то, як паведаміў начальнік пятага ўпраўлення (па Мінску) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Алег Ларын, устаноўлены факт незаконнага прыняцця Беражковым на працу ў клуб свайго знаёмага, які займаўся валанцёрскай дзейнасцю. За год яму было пералічана больш як 1 млрд. рублёў. 
Паводле слоў Шандаровіча, з ліпеня 2014 па чэрвень 2015 года Беражкоў здымаў грошы з карт-рахунку свайго знаёмага, і таму ёсць доказы. Па ініцыятыве Беражкова яго знаёмаму рэгулярна выплачваліся прэміі ў памеры 100% акладу плюс дадатковыя прэміі ў 80—160 млн. рублёў, сказаў прадстаўнік СК. 
Паводле інфармацыі следства, афіцыйны даход Беражкова — зарплата плюс прэмія — перавышаў 1 млрд. рублёў у год, а прэміі даходзілі да 200 млн. рублёў. 
Што датычыцца былога генеральнага дырэктара хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Максіма Суботкіна, то яму выстаўлена абвінавачанне ва злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі на падставе ч. 3 арт. 424 КК. Як адзначыў Алег Ларын, асаблівая ўвага інфармацыі аб злачыннай дзейнасці службовых асоб хакейнага клуба была нададзена таму, што яго асноўным спонсарам з'яўляецца ААТ "Беларуськалій". 
Як паведаміў Шандаровіч, Суботкін без дазволу наглядальнага савета клуба заснаваў ЗАТ "Маркетынг. Хакейны клуб "Дынама", устанавіўшы для сябе штомесячную ўзнагароду ў 45 млн. рублёў, ведаючы, што таварыства не ажыццяўляе гаспадарчай дзейнасці. Ён таксама заключыў дагавор аб аказанні кансалтынгавых паслуг для хакейнага клуба з гэтым таварыствам і пералічыў яму 400 млн. рублёў, хоць усе неабходныя даследаванні праводзілі спецыялісты самога хакейнага клуба. 
Падчас допыту Суботкін прычыненне ўрону прызнаў, паведаміў Шандаровіч.
Паводле БелаПАН