Справа «Экамедсэрвіса»: бацькі памерлай Юліі Кубаравай патрабуюць з медцэнтра $1 мільён кампенсацыі

Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 9 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўнікоў і ўрача медыцынскага цэнтра «Экамедсэрвіс». Працэс вядзе суддзя Ала Абакунчык, дзяржабвінаваўца — прадстаўнік Генпракуратуры Мікалай Жэчка.



kubarava.jpg

Юлія Кубарава
Бацькі Юліі Кубаравай патрабуюць з цэнтра «Экамедсэрвіс» 10 мільярдаў рублёў кампенсацыі.
Паводле словаў Юрыя Кубарава, гэта сярэдняя сума кампенсацыяў, якую патрабуюць у такіх выпадках у еўрапейскіх краінах.
Суд працягнецца 10 студзеня. Гэта звязана з тым, што маці загінулай дзяўчыны, Алу Кубараву, прызналі не сведкай, а пацярпелай і ісціцай. Яна павінна азнаёміцца з матэрыяламі справы. Абвінавачаныя ад каментароў адмаўляюцца, паведамляе Еўрарадыё.
Юрый Кубараў заявіў, што сума кампенсацыі для яго не з'яўляецца важнай і ён не хоча, каб нехта спекуляваў на гэтай тэме. Па яго словах, гэта сімвалічная сума, проста каб пакараць вінаватых. Ён назваў сябе забяспечаным чалавекам.
На думку Кубарава, за смерць яго дачкі павінна адказваць уся брыгада, якая праводзіла аперацыю. Між тым сёння пад судом апынуліся толькі анэстэзіёлаг і кіраўнік медцэнтра.
Кубараў мяркуе, што працэс «Экамедсэрвіса» павінен стаць паказальным, як у справе Кавалёва і Канавалава. Усе вінаватыя медработнікі (лекары і медсёстры) павінны быць пакараныя паводле закону і пазбаўленыя права займацца медычнай дзейнасцю, каб не маглі прынесці шкоду, кажа бацька загінулай гродзенкі, дадае «Еўрарадыё».
***
Расследаванне крымінальнай справы, распачата па факце смерці пацыенткі СТАА «Экамедсэрвіс — Медыцынскі цэнтр» Юліі Кубаравай, праводзіла галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі. 11 снежня Генеральная пракуратура накіравала справу на разгляд у суд.
Генеральны дырэктар медцэнтра Галіна Валжанкіна і галоўны інжынер Вадзім Ліхута прыцягваюцца да адказнасці па арт. 428 КК (службовая халатнасць), урач-анестэзіёлаг Аляксандр Шураў — па ч. 2 арт. 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента). Мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пакінута ранейшай.
Пацыентка «Экамедсэрвіса», 25-гадовая жыхарка Гродна Юлія Кубарава, памерла 23 красавіка ў 4-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы пасля рынапластыкі, праведзенай 26 сакавіка ў «Экамедсэрвісе» па медыцынскіх і эстэтычных паказаннях. Увесь гэты час яна знаходзілася ў коме.
belapan.by