У інтэрнэт патрапіў генеральны план вайсковага аб’екту ЗС РФ у Клінцах
Падрабязны план будаўніцтва аб’ектаў выявілі эксперты InformNapalm падчас здзяйснення выведкі адкрытых крыніцаў (OSINT) на сайце Фэдэральнай агенцыі спецыяльнага будаўніцтва РФ. Вайсковыя аб’екты, якія будуюцца ў Клінцах, знаходзяцца на адной адлегласці (каля 45 км) ад мяжы РФ з Чарнігаўскай вобласцю Украіны й Гомельскай вобласцю Беларусі і месцяцца ў зоне з падвышаным узроўнем радыяцыі з прычыны аварыі на ЧАЭС.
Генеральны план будаўніцтва вайсковага аб’екту ў Клінцах (Бранская вобл. РФ), зацверджанага начальнікам войскаў Заходняе вайсковай акругі генэрал-палкоўнікам Андрэем Картаполавым, і ўзгодненага генерал-маёрам Ігарам Красіным, які часова выконвае абавязкі начальніка войскаў 20 гвардзейскай арміі (намеснік па тыле),патрапіў ў адкрыты доступ.
Сайт «Спецстроя» рэгулярна падае фотаматэрыялы пра тэмпы будаўніцтва вайсковых гарадкоў, у тым ліку ў памежных з Украінаю раёнах Белгарадскай, Варонежскай і Растоўскай вобласці РФ.
Як мы зазначалі раней, планы будаўніцтва вайсковага аб’екту ў Бранскай вобласці за 45 км ад мяжы Украіны і Беларусі з'явіліся яшчэ ўзімку, калі зь інспекцыяй у Клінцы прыбылі прадстаўнікі Міністэрства абароны РФ. Мэтай дэлегацыі было дасягненне дамоўленасцей пра адкрыццё двух вайсковых аб’ектаў. Як і ў выпадку з базай у Валуйках, у Клінцы пачалі перакідваць вайсковыя злучэнні без уладкавання месца дыслакацыі для вайскоўцаў. Напрыклад, напрыканцы траўня 2016 году прыбыў першы эшалён з вайскоўцамі 28-й АМСБр з Екацярынбурга.
Пакуль вайскоўцы в/ч 65349 расквартыроўваліся ў новым месцы ў намётах у заходняй частцы гораду, на тэрыторыі колішняга вайсковага гарадку здзяйсняліся дэмантажныя працы, пра якія вядома дзякуючы сайту «Спецстроя».
20.06.2016 г. на афіцыйным сайце дзяржзакупак была змешчаная інфармацыя пра правядзенне тэндэру на выкананне поўнага комплексу прац 1-га этапу і праэктна-вышукальных працаў 2-га этапу што да аб’екту «Капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў вайсковага гарадку № 2», г. Клінцы, Бранская вобласць», № закупкі 31603797013. Абмежаваная сума кошту працаў 909 197 888,00 руб. У часопісе падзеяў закупкі 28.06.2016 г. яна была пераведзеная ў стадыю завяршэння. Цалкам магчыма, тэндэр не адбыўся, бо на сайце адсутнічае інфармацыя пра пераможцу і ўкладзеную з ім дамову. Аднак гэта не галоўнае, нас цікавіць непасрэдна генеральны плян вайсковага гарадку, зацверджаны начальнікам войскаў Заходняй вайсковай акругі генерал-палкоўнікам Андрэем Картаполавым і ўзгодненым з генерал-маёрам Ігарам Красіным, які часова выконвае абавязкі начальніка войскаў 20 гвардзейскай арміі. Гэты план дае папярэднюю інфармацыю пра колькасьць асабовага складу, які плянуецца раскватараваць на аб’екце, а таксама пра колькасьць узбраення і вайсковую тэхніку, што будзе знаходзіцца на аб’екце.
Праз аналіз і параўнанне інфармацыі з генеральнага плана будынкаў і збудаванняў са спадарожнікавай мапай вынікае:
– запланаваная рэканструкцыя трох старых будынкаў для арганізацыі інтэрнату вайскоўцаў і будаўніцтва блочна-модульнага будынку, разлічанага на агульную колькасць 1100 чал.;
– запланаванае будаўніцтва навучальнага корпуса і страўні, рэканструкцыя будынку штабу;
– запланаваная рэканструкцыя двух складоў вайскова-тэхнічнай маёмасці;
– запланаванае стварэнне базы для захоўвання вайсковай тэхнікі й узбраення на 470 месцаў.
– запланаванае будаўніцтва трэнавальных збудаванняў.
Колькасць асабовага складу нібы не гэтак значная, але гэта не адзінае месца ў Клінцах, дзе будуць дыслякавацца вайскоўцы зь Екацярынбурга, пра гэта сведчыць сама назва «вайсковы гарадок №2». Да таго ж, нядаўна InformNapalm паведамляў пра пачатак перакідвання вайскоўцаў 28-й АМСБр і ў Ельню Смаленскай вобласці, што за 100 км ад мяжы з Беларуссю. У афіцыйных планах да сярэдзіны 2017 году там мае быць створаная мотастралковая дывізыя з меркаванай колькасцю да 10 тыс. чалавек. У склад злучэння ўвойдуць тры мотастралковыя і адзін танкавы полк, самаходны артылерыйскі і зенітна-ракетны палкі, а таксама падразьдзяленні забесьпячэння. Ельня насамрэч зможа прыняць дастатковую колькасць вайскоўцаў, частка з якіх напачатку будзе знаходзіцца ў ельнінскім мікрараёне Кутузаўскі.
Варта зазначыць, што пакуль ўладкаванне асабовага складу знаходзіцца на нізкім узроўні. Сіламі жаўнераў тэрміновай службы на полі колішняга вайсковага гарадку арганізаваны намётавы лягер з мінімальным узроўнем камфорту.
На падставе сабраных дадзеных можна канстатаваць, што расійскі падаткаплацельшчык будзе вымушаны выдаткоўваць вялізарныя сумы на ўладкаванне Мінабароны РФ вайсковых гарадкоў Заходняй вайсковай акругі ў Бранскай і Смаленскай абласцях. Нагадаем, што для выканання аднаго толькі першага этапу будаўніцтва базы ў Валуйках з расейскага бюджэту выдаткоўваюцца 3,3 млрд.руб. Пры гэтым словы Дзмітры Мядзведзева крымскім пэнсіянерам: «Денег нет, но вы держитесь…», – нагадваюць, што ані сфера адукацыі, ані сфера сацыяльнага забеспячэння грамадзянаў не цікавіць кіраўніцтва Расійскай Фэдэрацыі. Галоўная мэта – пагражаць Украіне і Беларусі, краінам Сярэдняй і Заходняй Еўропы браняваным кулаком і «распілоўваць» пры гэтым сродкі з дзяржаўнага бюджэту падчас будаўніцтва новых вайсковых базаў.