У Курапатах — акт вандалізма
Гэта заўважылі ўдзельнікі Курапацкай варты.
29 сакавіка, у нядзелю маладафронтаўцы, якія бяруць удзел у Курапацкай варце, заўважылі, што апаганены крыж Вацлава Ластоўскага. На шыльдзе на аснаванні крыжа пакінуты надпіс «Упырь».
Пра падзею паведаміў на старонцы ў Фэйсбуку Павал Севярынец. «У Курапатах апаганілі крыж Вацлава Ластоўскага. Заўважылі маладафронтаўцы, якія сёння на варце», — напісаў ён.
Палітык выказаў здагадку, што гэты акт вандалізма можа быць звязаны з нядаўняй публікацыяй пра Курапаты ў «Беларускай ваеннай газеце» і быць часткай спланаванай кампаніі супраць Курапатаў.
Памятны крыж Вацлаву Ластоўскаму ў Курапатах быў усталяваны ў 2016 годзе. Ініцыятары праекта — сябры Таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага. Праект стварыў мастак Алесь Цыркуноў, а сам крыж вырабіў разбяр Юрась Камандзірчык.
Вацлаў Ластоўскі — бацька беларускай гістарыяграфіі, акадэмік. Менавіта ён у 1910 годзе выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», у якой аўтар абгрунтаваў беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Акрамя гэтага, Ластоўскі абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі.