У Беларусі сэксу няма!

Чаму ў Беларусі, дзе забароненыя аднаполыя шлюбы, так крытычна падае нараджальнасць? У нас няма сэксу. А калі ён раптам недзе вылазіць, дык яго адразу абвяшчаюць правакацыяй ды бягуць у грамадскі савет па маральнасці Чаргінца.  



1258803628_zh3.gif

Вось і скандал з «Міс Мінск» таму пацвярджэнне. Як толькі «міскай» стала Яна Канцавенка, у інтэрнэце адразу ж расшукалі яе вельмі, нават занадта, шчырыя фотаздымкі. Высветлілася таксама, другая віцэ-міс Наталля Башура працуе go-go-танцоркай, а ўладальніца тытула «Міс сяброўства» Кацярына Войтус — стрыптызёрка.

Здавалася б, што тут такога? Калі гэта не забаронена палажэннем пра конкурс — удзельнічай і перамагай! Ну і што, што стрыптызёрка стала «Міс сяброўства»? А хто ім павінен стаць? Слесар-вадаправодчык? Наадварот, няхай «мінчане і госці сталіцы» ведаюць, што нашае сяброўства — нічым не прыкрытае і вельмі шчырае. Гэта ж вялізны плюс, а не мінус.

Як па мне, дык прыгажосць павінна быць даступнай для ўсіх. Якая карысць з таго, што «Міс Мінск» разочак выйдзе на подыум, і больш мы яе не пабачым. Ну, скажыце, напрыклад, дзе мы бачылі папярэдніх «місак»? Дзе зараз «Міс Мінск–2009» Марыя Кубракова? Што робіць «Міс Мінск–2011» Улляна Валахоўская? Ніхто не бачыў, не чуў, не ведае, нібыта іх адразу пасля ўручэння кароны прыгажосці, не адыходзячы ад касцюмернай, апранулі ў паранджу і схавалі далей з вачэй. А тут захочаш паглядзець на «Міс сяброўства» — калі ласка, ёсць сайт, ёсць клуб, прыходзь і глядзі. Спадабалася другая віцэ-міс? Пацікаўцеся яе канцэртным графікам! Спадабаліся іншыя ўдзельніцы конкурсу? Завітайце на выступленне правакацыйнага квартэта «E.b.a.s.h», — там іх аж дзве.

І не трэба казаць: «Фу такімі быць»! Прыгажосць выратуе свет, а каму не падабаюцца дзяўчаты — не глядзіце.

Не, паборнікі маралі лютуюць. Тыя, хто раней кпіў з камісіі па маральнасці, пабеглі плакацца Чаргінцу ў камізэльку. Мікалай жа Чаргінец, з усёй дзяржаўнай мудрасцю вырашыў, што спяшацца не трэба. На ягоную думку, гэта нейкія выпаўзні «падставілі» арганізатараў шоў — Мінгарвыканкам, тэлеканал СТВ і Нацыянальную школу прыгажосці. Як заявіў Чаргінец, савет па маральнасці на бліжэйшым пасяджэнні разгледзіць пытанне аб тым, наколькі адпавядаюць размешчаныя ў інтэрнэце здымкі ўдзельніц конкурсу прыгажосці «Міс Мінск–2013» агульнапрынятым нормам маралі.

Каментуючы скандальныя фота ўдзельніц конкурсу, Чаргінец сказаў, што «на такія факты неабходна рэагаваць». Паводле яго слоў, рада збярэцца ў канцы месяца, тады праблему і абмяркуюць. «Пад сцягам дэмакратызацыі, адкрытасці нам падсоўваюць усё што заўгодна», — сказаў Чаргінец. Калі так пойдзе далей, працягнуў ён, то ў хуткім часе «можна чакаць, што будуць патрабаваць дазволіць аднаполыя шлюбы», а таксама праводзіць шэсці «блакітных і лесбіянак».

Між тым, ашалелых ад такой папулярнасці «місак» наведаў кіраўнік Беларусі з сынам Колем. Невядома, што Аляксандр Рыгоравіч казаў самім дзяўчаткам. Але вядома, што пасля сустрэчы з імі ён запатрабаваў ад дзяржавы не лезці да чалавека ў ложак.

«Мы ў Беларусі не імкнёмся кантраляваць прыватнае жыццё грамадзян. Гэта недапушчальна! Больш за тое, недатыкальнасць прыватнага жыцця, ахова асабістай прасторы чалавека былі, ёсць і будуць фундаментальнымі прынцыпамі нашай палітыкі. Мы не можам гэтага дапусціць і з боку іншых дзяржаў. Нават імперый. У гэтым праяўляецца наша прыхільнасць сапраўдным дэмакратычным прынцыпам і, галоўнае, наша павага да асобы чалавека», — заявіў Лукашэнка, выступаючы з прамовай напярэдадні афіцыйнага Дня Незалежнасці Беларусі.

У той жа час, каб чыноўнікі не лезлі пад спадніцы ўсялякім «міскам», Аляксандр Рыгоравіч заклікаў іх быць больш сціплымі. «Мы пастаянна робім і будзем рабіць жорсткі, каласальны націск на дзяржаўны апарат, на чыноўнікаў, прымушаючы іх служыць людзям, не браць чужога і весці сціплы лад жыцця», — сказаў ён.

Перад Беларуссю ёсць больш важныя задачы, чым разбірацца, наколькі агаліла грудзі ў фотасесіі тая ці іншая дзяўчына. Тое, што ў нас моцная дзяржава, яшчэ не азначае, што працаваць не трэба. «Усё шырэй распаўсюджваюцца ў нас лянота і ўтрыманства, усё часцей можна пачуць словы: а навошта мне самому штосьці рабіць? Вось ёсць дзяржава, няхай яна пра мяне і паклапоціцца… Мы толькі тады можам абсалютна спакойнымі быць за лёс незалежнай Беларусі, калі кожны яе грамадзянін будзе ставіць пытанне так: што я зрабіў для краіны, а не што краіна павінна зрабіць для мяне? Пакуль жа мы вельмі часта чуем другую частку пытання і вельмі рэдка — першую», — сказаў Лукашэнка.

І гэта праўда. У аналітычным матэрыяле Міністэрства эканомікі па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені-маі 2013 года гаворыцца, што мы маем зараз вялікія праблемы. У студзені-маі 2013 года забяспечаны эканамічны рост на ўзроўні 1,1% пры прагнозным значэнні 8,5%. У параўнанні са студзенем-красавіком тэмп росту ВУП запаволіўся на 1,4%.

Па выніках пяці месяцаў 2013 года з васьмі найважнейшых параметраў прагнозу выкананы толькі тры. Рост прадукцыйнасці працы склаў 103,5%, апярэдзіўшы дынаміку ВУП. У той жа час адставанне ад прагнозу (109,3%) па-ранейшаму істотнае. Складанасці з рэалізацыяй айчыннай прадукцыі ва ўмовах звужэння асноўных экспартных рынкаў у студзені-красавіку бягучага года прывялі да зніжэння паставак беларускіх прадпрыемстваў на экспарт, які ўпаў на 20%.

Так што хопіць раздуваць скандалы там, дзе іх не трэба. Як трапна казалі браты Стругацкія, народу не патрэбныя нездаровыя сенсацыі, народу патрэбныя здаровыя сенсацыі. Вось калі мы, замест таго, каб спрачацца наконт «місак», раптам выканаем усе прагнозныя паказчыкі — вось гэта будзе сенсацыя. А «міскі», дарэчы, хай зробяць свой унёсак у развіццё турыстычнай галіны — падвышэння валютнай выручкі і, адпаведна, ВУП.

Чамусьці я ўпэўнены, што гэта яны зробяць лепш за шмат якіх чыноўнікаў.