У Беларусь прыбыў папскі легат Жан-Луі Таран
У Беларусь з Ватыкана прыбыў старшыня Папскага савета, кардынал па міжрэлігійным дыялогу Жан-Луі Таран.
Жан-Луі Таран
Папскі легат прыбыў у Мінск мінулай ноччу. Сёння ён плануе сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
5—6 ліпеня кардынал Таран возьме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 400-годдзю знаходжання абраза Божай Маці Будслаўскай. Чакаецца, што 5 ліпеня ў Будславе
(Мядзельскі раён Мінскай вобласці) папскі легат звернецца з кароткай прамовай да моладзі, а наступным днём адслужыць імшу ў касцёле Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як паведамлялася раней, сёлета традыцыйны фестываль «Будслаўскі фэст» пройдзе пад дэвізам «Марыя — маці нашай веры». Важнай падзеяй урачыстасцяў будзе
завяршэнне перагрынацыі (вандравання) копіі абраза Маці Божай Будслаўскай па епархіях Беларусі. У прысутнасці кардынала Тарана будзе асвечаны крыж і памятны знак. Апрача таго, у дні святкавання
юбілею ў Будслаў прыбудуць рэліквіі святой Тэрэзы.
Пасля ўрачыстасцяў у Будславе пасланнік Ватыкана вернецца ў Мінск, дзе 7 ліпеня адслужыць імшу ў сталічным архікафедральным саборы. Візіт кардынала Тарана завершыцца 8 ліпеня.
Падрыхтоўка да візіту Жан-Луі Тарана абмяркоўвалася 4 чэрвеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыа Гуджэроці. Гуджэроці заявіў, што Беларусь
заслугоўвае ўсякай павагі, і візіт кардынала — знак той увагі, якую Ватыкан надае адносінам з рэспублікай.
Лукашэнка са свайго боку выказаў удзячнасць Ватыкану за падтрымку ў наладжванні адносінаў афіцыйнага Мінска з Еўрасаюзам. «Проста абавязаны падзякаваць за падтрымку, якую аказваеце
нам у арганізацыі наладжвання адносінаў з ЕС. Не мае значэння, будзе ад гэтага вынік ці не, але я ведаю, што вы гэтага вельмі хочаце», — сказаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, каталіцкая царква праводзіць у Беларусі вельмі правільную палітыку і актыўна працуе з насельніцтвам. «Мы ніколі не сустракалі такога разумення ад паслоў
Ватыкана, як ад вас, — падкрэсліў ён, звяртаючыся да Гуджэроці. — Ведаем, што многія кіраўнікі Ватыкана трымаюцца вашай пазіцыі па Беларусі, некаторыя з іх жадаюць наведаць яе.
Перадайце ім, што мы заўсёды з вялікім задавальненнем гатовы іх прыняць».
21 чэрвеня Гуджэроці сустракаўся ў Ватыкане з папам рымскім Францыскам. Галоўны каталіцкі іерарх благаславіў беларускіх католікаў і прасіў арцыбіскупа Гуджэроці перадаць прывітанне ўсім беларусам, асабліва — братам з праваслаўнай царквы. Як зазначаюць прадстаўнікі беларускага касцёла, прызначыўшы кардынала Жана-Луі Тарана сваім легатам на ўрачыстасці ў Будславе, папа Францыск выказаў сваю салідарнасць з Беларуссю.