У Капцёўцы раённыя ўлады ўчынілі рэйд па ўладальніках свінняў
У вёсцы Капцёўка Гарадзенскага раёна 5 лістапада картэж з трох машынаў учыніў аб'езд усіх уладальнікаў свінняў. У машынах былі намеснік старшыні райвыканкаму Аксаміт, старшыня сельсавету, калгасны і раённы ветэрынарныя лекары і ўчастковы міліцыянт.
З усіх дакументаў, што ў іх былі з сабой, — састарэлы спіс вяскоўцаў, у якіх маюцца свінні. Ад асобаў у гэтым спісе яны патрабавалі пазбавіцца ад усіх свінняў да 1 снежня. Ніякіх подпісаў не бралі, а папросту ставілі птушачкі насупраць прозвішчаў.
"У спісе ў мяне было пазначана 4 свінні, але насамрэч засталося толькі 3. Я ім сказаў, што магу забіць дарослую свінню, бо яна ўжо вырасла, але не парсючкоў. Я паведаміў, што магу аддаць іх толькі тады, калі ўлады заплацяць мне за іх годную цану, якую абяцаў Лукашэнка. Паколькі ж я заплаціў за парася 500 тысяч рублёў і яшчэ па 200 тысяч аддаў на камбікармы, то для мяне годная цана — 700 тысячаў за парася", — адзначыў каардынатар аргкамітэту БХД па Гарадзеншчыне Мікола Баўсюк, які жыве ў Капцёўцы.
На яго думку, рэйд на машынах быў арганізаваны, каб запужаць сялянаў.
Прэсавая служба БХД