У Мінску будуць судзіць удзельнікаў пікету ў падтрымку Charlie Hebdo

У Мінску адбудзецца суд над удзельнікамі пікету ў падтрымку Charlie Hebdo. Пра гэта напісаў у «Фэйсбуку» адзін з удзельнікаў акцыі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька.



je_suis_charlie_minsk.jpg

«За што? За салідарнасць з мільёнамі, якія выйшлі на вуліцы французскіх гарадоў 11 студзеня. За 30 хвілін чакання, што вось-вось рыпне тармазамі «уазік», за плакат «JE SUIS CHARLIE» каля пасольства Францыі ў Мінску. За неабыякавасць! За самапавагу!
Баязлівыя і крывадушныя, яны не кранулі нас у той дзень. Вычакалі, прыхаваліся, і калі на парыжскі Марш адзінства напластавалася шмат-шмат падзей, яны выпаўзлі, як пацукі са склепа. І пляваць ім на забітых журналістаў, на расстраляных ва ўпор паліцэйскіх. Для іх галоўнае, каб у наступны раз не выйшлі, і не чацвёра, а чатырыста. Потым могуць і 400, але ўжо тысяч. А тады з'яўляецца рэальнае права выбару. І ў суддзі-баязліўца, і ў амапаўца, які не моцна думае», — напісаў ён.