Лябедзьку выклікаюць у міліцыю за плакат Je suis Charlie
На двух удзельнікаў пікету ля амбасады Францыі ў падтрымку ахвяр тэракту ў Парыжы мінская міліцыя ўжо склала пратаколы.
Анатоля Лябедзьку сёння на 15 гадзін выклікаюць у міліцыю Цэнтральнага раёна Мінска. Прыйшла адпаведная позва. Ён перакананы, што гэта звязана з плакатам Je suis Charlie, з якім ён выйшаў да
амбасады Францыі 11 студзеня.
У адносінах да двух іншых удзельнікаў пікету Змітра Кучука і Паўлюка Канавальчыка міліцыяй ужо складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Дата суду пакуль не
вызначаная.
«Ва ўладаў хапіла мазгоў не чапаць нас пад час самога пікета, але цяпер, калі тэма, як яны думаюць, рассмакталася, вырашылі нас пакараць. Прычым на падставе фота ў
Фэйсбуку»,— зазначыў Свабодзе Анатоль Лябедзька.
svaboda.org