У шэсці да Лошыцкага яра ў Мінску бяруць удзел 50 чалавек
У шэсці да Лошыцкага яра, дзе размешчаны памятны знак у гонар ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, бяруць удзел прыкладна пяцьдзясят чалавек.
Шэсце пачалося ў 12.30 ад Палаца культуры «Лошыцкі». Калону ўзначальвае кіраўніцтва Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ, якая з'яўляецца арганізатарам
акцыі. Удзельнікі шэсця нясуць бел-чырвона-белыя сцягі, расцяжкі з надпісамі «Дзяды» і «Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ». Перыядычна скандзіруюць
лозунг «Жыве Беларусь!». Дэманстрантаў суправаджаюць каля двух дзясяткаў людзей у цывільным, два міліцэйскія мікрааўтобусы, машына ДАІ, вядзецца відэаздымка.
Штогадовае шэсце да Лошыцкага яра, як і шэсце ў Курапаты, прымеркаванае да дня памяці продкаў «Дзяды», які адзначаецца 2 лістапада.
Паводле звестак гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася гэтак званая «Белая дача» — месца размяшчэння спецкаманды НКУС, куды дастаўлялі арыштаваных
ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.
Шэсце і мітынг санкцыянаваныя Мінгарвыканкамам.
БелаПАН