Ульяне Захаранка споўнілася 92 гады

6 лютага маці зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі павіншавалі аднапартыйцы яе сына.



У мястэчка Васілевічы Рэчыцкага раёну прыехалі з Гомеля сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора і Васіль Палякоў. Хаця на календары зімовы месяц люты, надвор’е ў гэты дзень было цёплым, і гаспадыня сама выйшла з кіёчкам да веснічак сустракаць гасцей.
Гамельчукі ўручылі Ўльяне Рыгораўне чырвоныя ружы з пажаданнем доўгіх гадоў жыцця і добрага самаадчування.
Уладзімер Кацора зазначыў, што, на жаль, яны з калегам не прывезлі Ульяне Захаранцы нейкіх новых звестак пра зніклага сына, але выказаў надзею, што яна будзе мацавацца і дачакаецца таго часу, калі стане вядомая ўся праўда пра лёс і Юрыя Захаранкі, і Віктара Ганчара, і ўсіх іншых зніклых людзей.
«Расследаванне справы Юрыя Захаранкі працягваецца таму, што ў Беларусі ёсць неабыякавыя людзі, якія не забываюць пра зніклых, дамагаюцца, каб праўда пра іх знікненне была абнародавана. Каб не было такіх людзей, то ўлады, пэўна, даўно б закрылі гэтую справу, паколькі мінула ўжо звыш пятнаццаці гадоў. Да знікнення Юрыя Зараханкі ды іншых палітыкаў, я ўпэўнены, мае дачыненне вярхоўная ўлада. І пакуль гэтая ўлада застаецца, то людзі, якія праўду ведаюць, яе не скажуць, і адпаведныя дакумэнты не могуць быць раскрыты», — кажа Ўладзімер Кацора.
Ульяна Рыгораўна і яе пляменніца Люба апавялі, што ледзь не кожныя тры месяцы ім прыходзіць паведамленне са Сьледчага камітэта аб тым, што расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі падоўжана. Пайшоў сямнаццаты год, а вынікаў пакуль няма.
Маці зніклага генерала ўсцешана цяпер толькі адным: ёй рэгулярна тэлефануюць з Нямеччыны ўнучкі, дочкі Юрыя, а таксама яго жонка Вольга. Яны з'ехалі ў Нямеччыну, баючыся за сваё жыццё. Унучка Алена тэлефанавала і сёння — віншавала і даслала да дня народзінаў пасылку з тамтэйшымі цукеркамі й каўбасамі.
​Дапамагла сям’я сына Ўльяне Рыгораўне і фінансамі, калі трэба было рамантаваць дом. А сродкі на падвядзенне прыроднага газу ў дом дапамагала збіраць Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Як заўсёды, Ульяна Захаранка з пляменніцай запрасілі гасцей за сьвяточны стол. Ёсць у гаспадыні і свая фірмовая страва — блінчыкі з тварагом, ад якіх ніколі ніхто не адмаўляўся. Яны былі на стале і сёння.
Паводле "Радыё Свабода"