Валера Карбалевіча затрымалі ля амбасады

11 красавіка міліцыянты затрымалі аўтара Радыё Свабода, палітолага Валера Карбалевіча, які накіроўваўся на сустрэчу ў нямецкую амбасаду.    



7ba9b929_6231_4934_8c2e_f9c30a73278f_w268_r1_cx0_cy6_cw0.jpg

У яго не аказалася дакументаў, таму міліцыянты-ахоўнікі выклікалі нарад міліцыі. Нямецкім дыпламатам ўдалося дамагчыся, каб міліцыянты ўсё ж прапусцілі госця амбасадара ў будынак амбасады. Адзін з іх сказаў, што міліцыянты «ствараюць праблему на пустым месцы і што Карбалевіча добра ведаюць і без пашпарту».
 
Пазней Валера Карбалевіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды:
 
«Я іду ў амбасаду, а міліцыянт просіць: „Пакажы пашпарт, я павінен зафіксаваць“». Я кажу, што ў мяне няма пашпарта. Тады міліцыянт сказаў, што мусіць выклікаць нарад, мяне затрымаць і адвесці ў пастарунак для высвятлення асобы. І што затрыманне можа працягвацца каля трох гадзінаў. Выклікалі нарад, але ж я ўжо націснуў кнопку. Выйшаў ахоўнік, агулам каля пяці супрацоўнікаў амбасады. Яны спрабавалі даводзіць міліцыянту, што яго функцыя палягае ў тым, каб ахоўваць, а не рэгуляваць пропуск ці няпропуск. Ён спасылаўся на сваю інструкцыю. Карацей, прыехаў нарад, сталі высвятляць. Гэты нарад, відаць, думаў, што я тут прарываюся. А тут, наадварот, запрашаюць, кажуць, што амбасадар чакае. Доўга раіліся, тэлефанавалі і ўрэшце рэшт прапусцілі мяне ў амбасаду без фіксацыі. Мая гутарка з амбасадарам адбылася».
 
Каментуючы інцыдэнт, Валер Карбалевіч адзначыў, што сітуацыя была абсурдная:
 
«Гэта насамрэч абсурд. Насамрэч функцыі міліцыянта — ахоўваць амбасаду ад нейкіх непаразуменняў з боку абывацеляў з вуліцы. А не рэгуляваць пропуск ці няпропуск. Я ня ведаю, дзе яшчэ такое можа быць, у якой краіне, дзе татальны кантроль за кантактамі грамадзян з іншаземцамі. Хіба можна ўзгадаць, што такое было ў Савецкім Саюзе. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што мы жывём у недэмакратычнай краіне».
Алесь Дашчынскі, Радыё "Свабода"