Віталь Рымашэўскі: Міністр адукацыі павінен сысці ў адстаўку
Ініцыятыва міністра-камуніста скараціць колькасць груп вывучэння замежных моў — проста здзек са школьнай сістэмы адукацыі, лічыць Віталь Рымашэўскі.
У беларускіх школах паменшаць колькасць груп для вывучэння замежных моваў: цяпер у кожным класе будзе па дзве групы замест трох.
З гэтай нагоды і з прычыны магчымых скарачэнняў да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі звярнуліся настаўнікі замежных моваў.
“Відаць, міністр-камуніст вырашыў, што ў сучаснай Беларусі ўсе павінна быць як у СССР: там пасля школы ніхто не ведаў замежных моваў — і ў Беларусі не павінны. Адначасна абвешчаны маразматычны план увесці абавязковую сярэднюю адукацыю, што не прынясе нічога, акрамя дадатковых выдаткаў з бюджэту. Пры гэтым міністры беларуская адукацыя за цывілізаваным светам не пойдзе”, — пракаментаваў “адукацыйныя” ініцыятывы міністра сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
«У Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ёсць канцэпцыя рэфармавання сістэмы адукацыі з улікам сусветнага вопыту. Замест таго, каб марнаваць грошы на нікому непатрэбную абавязковую сярэднюю адукацыю, яна прадугледжвае неабходнасць даць магчымасць людзям, якія з якіх-небудзь прычын не змаглі атрымаць патрэбную адукацыю ў дзяцінстве альбо маладосці, працягваць адукацыю на любым этапе.
У Беларусі тэрмінова трэба рэфармаваць сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы, якія не рыхтуюць кваліфікаваных спецыялістаў, але дорага каштуюць для дзяржавы.
Таксама трэба даць магчымасць развіцця прыватным школам, што паменшыла б нагрузку на бюджэт і дазволіла б зэканоміць грошы для павелічэння зарплаты настаўнікам. Ініцыятыва міністра-камуніста скараціць колькасць груп вывучэння замежных моў на фоне іншых нікому не патрэбных ініцыятыў выглядае проста здзекам са школьнай сістэмы адукацыі», — заявіў ён.
Паводле яго, БХД будзе ініцыяваць зварот з мэтай не дапусціць гэтага новаўвядзення, якое знізіць ўзровень ведання замежных моў. «Але відаць ужо зараз, што Беларусі патрэбны новы міністр. Карпенка павінен тэрмінова сысці ў адстаўку, а міністэрства — пачаць распрацоўку маштабных рэформаў з улікам сусветнага вопыту і меркаванняў незалежных экспертаў», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.