Хто і чаму прыпісвае адны дамы да гімназій, а іншыя да школ

Часам відавочна, што да гімназій прыпісваюць ці новыя дамы (з патэнцыйна плацежаздольнымі бацькамі), ці не вельмі шмат дамоў, каб тыя маглі набіраць больш людзей з боку.

Фота: gymn13.minsk.edu.by

Фота: gymn13.minsk.edu.by

На пачатку 2018 года былі адмененыя ўступныя экзамены ў пятыя класы гімназій. Размеркаванне паміж школамі і гімназіямі цяпер будзе ажыццяўляцца выключна па тэрытарыяльнай прыкмеце. Адносіцца твой дом да школы — адпраўляй дзіця ў школу. Адносіцца да гімназіі — вітаем у гімназіі.

Але не ўсё так проста. У апублікаваных спісах гімназій і прыпісаных да іх дамоў знайшліся дзіўныя недарэчнасці. Дамы, якія літаральна вокнамі выходзяць на будынак гімназіі, апынуліся прыпісанымі да школ. А іншыя шматпавярховікі, часам на даволі вялікіх адлегласцях ад гімназій, прымацаваныя да іх, а не да школ, якія знаходзяцца побач.

Напрыклад, да гімназіі №13 прыпісаныя дамы, якія знаходзяцца не менш чым за паўкіламетра ад яе. І гэта адны навабуды. А ўсе дамы вакол гімназіі аказваюцца прыпісаныя да сярэдняй школы.

Да гімназіі №24 прыпісаныя ўсяго чатыры дамы:

photo2018_05_1411_02_33.jpg


Пры гэтым да гімназіі №6 прыпісана больш за 200 дамоў. І няхай палова з іх размяшчаецца ў прыватным сектары — усё адно атрымліваецца вельмі шмат.

image2018_05_1411_06_32.png


Хто вырашае, які дом будзе прывілеяваны і адносіцца да гімназіі, а не да сярэдняй школы?

Як патлумачылі Еўрарадыё ва ўпраўленні адукацыі Фрунзенскага раёна, размеркаванне дамоў адбываецца на спецыяльным сходзе. Там прысутнічаюць прадстаўнікі адміністрацый раёнаў, кіраўнікі мясцовых упраўленняў адукацыі і саміх установаў адукацыі.

"Збіраліся кіраўнікі ўстаноў адукацыі, пралічвалі напаўняльнасць па кожным доме, магчымасці ўстаноў адукацыі і бліжэйшага мікрараёна. І вось такім чынам падзялілі дамы. Цяпер пра тое, каб неяк індывідуальна вырашаць пытанне, каб нейкі дом перапісаць на іншую навучальную ўстанову, гаворкі ісці не можа. Кропкава гэтае пытанне вырашацца не будзе. Усіх размеркавалі, як палічылі неабходным кіраўнікі ўстаноў адукацыі сумесна з адміністрацыяй раёна і ўпраўленнем адукацыі".

Часам відавочна, што да гімназій прыпісваюць ці новыя дамы (з патэнцыйна плацежаздольнымі бацькамі), ці не вельмі шмат дамоў, каб тыя маглі набіраць больш людзей з боку. Напрыклад, да ўручскай гімназіі №2, аказваецца, прыпісаны новы дом, а навакольныя старыя дамы — да звычайнай сярэдняй школы. Супадзенне?

І ці трэба казаць, што любая сітуацыя, аддадзеная на водкуп чыноўнікам, можа патэнцыйна стаць карупцыйнай? Тым больш, што спісы дамоў, прыпісаных да гімназій, усё ж пераглядаюцца. Але не вельмі часта — раз на паўгода:

"У нас ёсць карта нашага раёна, і ўсе дамы па ёй размяркоўваем. Мы не мераем з рулеткай адлегласць ад дома да школы. Да такога абсурду не даходзіць. У нас школы самі кантралююць сітуацыю, — распавядаюць Еўрарадыё ва ўпраўленні адукацыі Заводскага раёна Мінска Яны бачаць, што хутка адкрыецца навабуд, і калі ім дазваляе такая магчымасць, то забіраюць гэтых дзяцей да сябе. Размеркаванне дома пацвярджаецца рашэннем раённай адміністрацыі. Гэтае рашэнне пераглядаецца два разы на год. Мясцовая адміністрацыя дакладвае нам, ва ўпраўленне адукацыі, пра тое, калі здаюцца новыя дамы, каб дзеці не апынуліся ў падвешаным стане і ведалі, куды ісці. І ўжо за некалькі месяцаў да здачы дома мы ведаем, у якую школу пойдуць дзеці з яго".

Што ў выніку? Сістэма размеркавання дамоў паміж школамі і гімназіямі застаецца схаванай ад людзей. Магчыма, ваш дом, прыпісаны да школы, праз паўгода можа быць перапрыпісаны і да гімназіі. А магчыма, што і не. А вынікі “размеркавання”, якія мы ўжо цяпер назіраем у афіцыйных спісах, выклікаюць шмат пытанняў.

euroradio.fm