Рымашэўскі: дзеянні ААН у Беларусі несумяшчальныя з прынцыпамі дэмакратычнай арганізацыі
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі гэта заявіў, што Прадстаўніцтва ААН у Беларусі абвяргае базавыя каштоўнасці сваёй жа арганізацыі
“Усе добра памятаюць скандал з фільмам беларускага рэжысёра Андрэя Курэйчыка, калі прадстаўніцтва ААН, якое мела правы на фільм, па сутнасці, наплявала на меркаванне і рэжысёра, і актораў, адцэнзураваўшы фільм на загад беларускіх уладаў. А зараз выяўлена, што фінансавыя сродкі прадстаўніцтва размяркоўваюцца закрыта невядомым фэйкавым арганізацыям, зарэгістраваным у Беларусі пад выглядам экалагічных. Вядома, што ў Беларусі зарэгістраваць грамадскую арганізацыю без санкцый з боку ўладаў ці згоды з боку КДБ практычна немагчыма”, — адзначыў ён.
“Тое, што прадстаўнікоў пазбаўленай беларускімі ўладамі самай вядомай праваабарончай у Беларусі арганізацыі “Вясна” не запрасілі на канферэнцыю, прысвечаную смяротнаму пакаранню, на падставе нібыта адсутнасці рэгістрацыі, з’яўляецца абуральным фактам, недапушчальным для дзейнасці такой арганізацыі, як ААН. У савецкія часы дзейнічаў такі прынцып, што “паперка” (пашпарт, афіцыйны дазвол) была вышэй за чалавека. Падобна гэтаму прынцыпу спрабуе працаваць прадстаўніцтва ААН у Беларусі: няма рэгістрацыі — няма арганізацыі. Рашэнне не запрашаць “Вясну” на канферэнцыю ААН пярэчыць пастановам Камітэту ААН па правах чалавека, адносна незаконнасці ліквідацыі і нерэгістрацыі “Вясны”, — падкрэсліў палітык.
“Такі абуральны падыход, такое грэбаванне нормамі правоў чалавека ў Беларусі не павінна застацца без увагі. Мы будзем звяртацца да кіраўніцтва прадстаўніцтва ААН у Беларусі і да тых арганізацый, якія ўплываюць на яго рашэнні, бо такімі закрытымі карупцыйнымі схемамі марнуюцца грошы еўрапейскіх падаткаплатнікаў. Гэтая сітуацыя ўскрывае шэраг праблем, якія могуць стаяць за супрацоўніцтвам дэмакратычных краін свету з аўтарытарнымі рэжымамі, калі добрымі мэтамі прыкрываецца кар’ерызм еўрапейскіх і беларускіх бюракратаў, прыкрываюцца карупцыйныя схемы рэжыму ў Беларусі”, — заявіў сустаршыня БХД.
Паводле bchd.info