Віталь Рымашэўскі: Надзея Саўчанка — выклік для Расіі і Еўропы
Суд над Надзеяй Саўчанка не стаў проста чарговай ганьбай для судовай сістэмы Расіі. У судзе Надзея Саўчанка нанесла нашмат большыя страты рэжыму Пуціна, чым магла б нанесці на лініі фронту.
Несправядлівасцю суддзяў, нялюдскасцю пуцінскай сістэмы наўрад ці каго-небудзь можна здзівіць. Нечаканасцю стала неверагодная мужнасць гэтай жанчыны, яе гатоўнасць ісці да канца, да смерці.
У выніку, у судзе Надзея Саўчанка нанесла нашмат большыя страты рэжыму Пуціна, чым магла б нанесці на лініі фронту. Дзяржаўная машына Пуціна з усімі танкамі і ядзернымі боегалоўкамі, сотнямі ўкормленых алігархаў, тысячамі верных чыноўнікаў і генералаў апынулася нямоглай перад адным адзіным чалавекам.
Свет поўны цынізму. Але велізарныя драконы дыктатур ламаюць зубы аб маленькіх людзей з вялікай верай — аб такіх, як Надзея. Прыклад гэтых людзей пасаромлівае ўсе прагматычныя стратэгіі палітыканаў і адраджае веру ў каштоўнасці і надзею на перамогу.
І гісторыя Надзеі Саўчанка — менавіта такі прыклад.
Цяпер яе лёс не толькі ў руках пуцінскага рэжыму, але і ў руках кіраўнікоў дэмакратычных краін, якія гандлююць, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Пуціна. Без гэтага супрацоўніцтва пуцінскі рэжым — банкрут.
Дэмакратыя заканчваецца тады, калі дзяржава не здольная абараніць жыццё аднаго адзінага чалавека, паступаючыся прагматычнымі інтарэсамі. Гэтая ж мяжа аддзяляе чалавека ад падонка.
Гэта аснова, каштоўнасная сутнасць дэмакратыі. Калі яе няма — у краіне які заўгодна лад, але толькі не дэмакратычны.
Менавіта таму суд над Надзеяй Саўчанка і дзеянні па яе абароне — самы важны тэст для Украіны і для ЕС.