«Забралі грошы з дня нараджэння дзіцяці». Лекар, якога падазраюць у выдаванні медычнай тайны, застаецца пад вартай

Затрыманы лекар лякарні хуткай медыцынскай дапамогі, якога Генпракуратура падазрае ў выдаванні медычнай тайны, працягвае знаходзіцца ў СІЗА КДБ, піша «Радыё Свабода».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Наталля.
Знаходжанне пад вартай яму працягнулі і дазволілі перадаць перадачы.
Муж Наталлі працуе анэстэзіёлагам-рэаніматолагам у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Ён доктар найвышэйшай катэгорыі, яму 36 гадоў. Наталля таксама лекарка, яны маюць траіх дзяцей. Сям’я жыве ў Пухавіцкім раёне.
19 лістапада Генпракуратура паведаміла, што распачала крымінальную справу супраць доктара лякарні хуткай медыцынскай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаванне медычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў).
Паводле Генпракуратуры, «наўмысна, без службовай неабходнасці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў звесткі аб выніках медыцынскага агляду Рамана Бандарэнкі».
«Тым самым ён выдаў медычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, — заявілі ў Генпракуратуры. — Дзеянні названых асобаў пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія праявіліся ў павышэнні напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў».
Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч, якая была аўтарам артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю, пакінулі ў СІЗА КДБ да прад’яўлення абвінавачання. Кацярына праходзіць падазраванай паводле той жа ч. 3 арт. 178 КК. Яе затрымалі 19 лістапада. Крымінальную справу пачала Генпракуратура.

«Што шукалі, я не зразумела, бо шукалі ўсюды»

Жонка лекара Наталля расказала Свабодзе, што 19 лістапада ў іх доме пяцёра супрацоўнікаў і панятых правялі ператрус, забралі кампутар і ейны тэлефон.
Наталля сказала, што калі вярталася з працы, муж не адказваў на тэлефанаванні.
«Раней мы сустракаліся ў электрычцы, ён ехаў з Мінску, а я з Рудзенску. Калі не, то ён званіў, дамаўляліся, хто будзе забіраць дзяцей. Калі ён не адказаў па тэлефоне, я зразумела, што нешта адбылося, і паехала дахаты. Калі я падышла да дому, мне адразу патэлефанавалі, сказалі, што муж побач, яго затрымалі. Потым далі трубку мужу, ён паспеў сказаць „Не перажывай, можа, сёння адпусцяць“. У гэты час у дзверы пастукалі, дзіця пабегла адчыняць, а я сказала яму: „Пачакай“», — кажа Наталля.
Калі забіралі тэлефон у Наталлі, яна адразу яго разблакавала і прасіла, каб яго ёй пакінулі, бо дзіця яшчэ не вярнулася са школы.
«Сказалі, каб нехта забраў дзіця са школы, я папрасіла свякроў. Але без сувязі мне было б складана, бо жыву за 20 кіламетраў ад працы, дзеці ходзяць у школу. Але тэлефон у мяне забралі і дагэтуль не аддалі, — кажа Наталля. — Давялося купіць новы, дапамаглі сябры і калегі, бо на той момант грошай не было: картка засталася ў мужа».
Наталля сказала, што пасля ператрусу забралі таксама 50 долараў, якія знайшлі ў доме.
«Мы адкрытыя людзі. Што шукалі, я не зразумела, бо шукалі ўсюды. Забралі невялікую суму грошай, 50 долараў, больш валюты не было. Мы іх вырашылі не мяняць, гэта былі грошы з дня нараджэння дзіцяці», — кажа Наталля.
Наталля дзякуе за падтрымку і салідарнасць калегам, аднакурснікам і знаёмым.