Сведкі з АМАП прызналі, што на відэа і на лаве ў судзе — розныя людзі. Але чалавеку ўсё адно далі 15 сутак
22 лістапада ў Мінску затрымалі 34-гадовага праграміста Уладзіміра Чыстафорава. Пратакол традыцыйны — 23.34.

«Уладзімір — тыповы айцішнік. Ціхі, добры інтраверт, у бойках заўважаны ніколі не быў», — расказала «Нашай Ніве» яго сяброўка.
Пасля затрымання хлопца адвезлі ў Савецкае РУУС, пасля этапіравалі ў Жодзіна.
Сёння Чыстафорава судзілі ў судзе Савецкага раёна Мінска. Суддзя — Алена Жуковіч.
Як перадаюць валанцёры, якія прысутнічалі ў зале суда, гэта было ўнікальнае пасяджэнне. Сведкі з АМАПа прызналі, што на міліцэйскім відэа, прадастаўляным у суд, быў не Чыстафораў, а іншы чалавек. Проста падобныя колеры аддзення.
Чыстафораў з пратаколам быў нязгодны. Суд абвесціў перапынак, каб разабрацца. Але вынік быў традыцыйны — 15 сутак.
Nashaniva.by