«Пад пагрозамі міліцыянта была вымушана абгаварыць сябе»

Cуддзя Кобрынскага раённага суда Аляксей Кміта 23 лістапада паўторна аштрафаваў мясцовую прадпрымальніцу Алену Крывулька на 20 базавых велічынь за ўдзел у маршы пратэста 10 жніўня ў Кобрыне на плошчы Леніна.

kobryn_kryvulka_lazarczuk_logo.jpeg


Першы раз за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве жанчына была аштрафаваная 12 жніўня на 20 базавых велічынь суддзёй Вадзімам Здановічам, калі знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання Кобрынскага РАУС. Пасля таго, як скарга жанчыны на незаконнасць прысуду была задаволена Берасцейскім абласным судом, справу паўторна разглядаў іншы суддзя — Аляксей Кміта.
Разгляд справы цягнуўся сем пасяджэнняў і агулам заняў больш за восем гадзінаў.
На судзе Алена Крывулька зазначыла, што 10 жніўня каля 20 гадзінаў сапраўды была на шпацыры ў цэнтры горада, каб сустрэцца з родным братам, які жыве ў Кобрыне па вуліцы Піянерскай. Для таго, каб завітаць да брата, трэба было прайсці маршрутам: вуліца Леніна-плошча Леніна-вуліца Піянерская. Аднак да плошчы Леніна спадарыня Алена не дайшла, бо на падыходзе да яе была затрыманая міліцыянтамі і дастаўленая ў Кобрынскі РАУС. Жанчына выказала здзіўленне сваім затрыманнем, бо на плошчы Леніна аніякага масавага мерапрыемства калі 20 гадзінаў вечара не адбывалася.
У ІЧУ Алена Крывулька знаходзілася двое сутак. Усе паперы на яе, у тым ліку пратаколы апытання і аб адміністрацыйным правапарушэнні, складаў старшы інспектар Кобрынскага РАУС, маёр міліцыі Андрэй Сулаўка, які не затрымліваў спадарыню Алену. Яна падкрэсліла, што вымушана была падпісаць складзеныя міліцыянтам паперы, бо ён не толькі пагражаў жанчыне збіццём, прыніжаў і абражаў яе, але і прыпісаў ёй два неіснуючыя крымінальныя злачынствы.
Гэтыя абвінавачванні Алены Крывулька Андрэй Сулаўка, выкліканы ў суд, назваў бяздоказнымі.
Нягледзячы на тое, што пазіцыя жанчыны была пацверджана сведкамі і рознымі сведчаннямі, у тым ліку здымкамі і відэазапісамі, суддзя пакараў Алену Крывулька штрафам у 20 базавых велічынь.
Жанчына нязгодная з другім прысудам па сваёй справе і будзе зноўку яго абскарджваць.
У Кобрыне працягваецца ціск на мясцовага беспрацоўнага Алеся Лазарчука. Спачатку ён двое сутак адседзеў у ізалятары часовага ўтрымання Кобрынскага РАУС. 19 і 20 кастрычніка хлопец быў двойчы аштрафаваны агулам на 20 базавых велічынь за ўдзел у маршах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў (суддзі Аляксей Кміта і Вадзім Здановіч). Затым у выніку ператрусу 11 лістапада міліцыянты забралі ў Алеся Лазарчука на праверку тэлефон, ноўтбук і планшэт. Урэшце на мінулым тыдні прадстаўнікі раённай пракуратуры і ўчастковы міліцыянт пісьмова папярэдзілі беспрацоўнага аб адказнасці за маршы пратэсту, стварэнне груп у інтэрнэце і ланцугі салідарнасці.