Выкладчыцу БДУІР Юлію Пашкоўскую затрымалі ўчора разам з сабакам

Выкладчыцу затрымалі ў двары ўласнага дома, калі яна, выгульваючы сабаку, ішла з сяброўкай да суседняга дома, каб сустрэць дзіця, паведамляе тэлеграм-канал «Мирный БГУИР».

Фота з фэйсбука Юліі Пашкоўскай

Фота з фэйсбука Юліі Пашкоўскай

Паводле тэлеграм-канала, Юлію Пашкоўскую затрымалі разам з сабакам за заўвагу пра тое, што дзеці баяцца самастойна ісці дадому, калі па двары бегаюць "касманаўты".
Выкладчыцу павезлі спачатку ў Першамайскае РУУС, а потым на Акрэсціна.
Юлія Пашкоўская — адна з удзельніц страйку супрацоўнікаў БДУІР. Таксама яна была адной з удзельніц відэазваротаў да беларусаў з заклікам паступаць па сумленні і не выконваць злачынныя загады.
Гэта не першае затрыманне выкладчыкаў БДУІР за апошні час, удакладняе dev.by.
У канцы верасня ў Бараўлянах міліцыя затрымала выкладчыка філасофіі ўніверсітэта Вадзіма Анціпава. У яго кватэры быў ператрус, а сам педагог атрымаў 15 сутак арышту за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
12 лістапада сілавікі затрымалі асістэнта кафедры ПЗІТ БДУІР Вольгу Філатчанкаву. У яе доме таксама правялі ператрус і канфіскавалі тэхніку. Выкладчык праходзіць па справе аб арганізацыі беспарадкаў і цяпер сядзіць у СІЗА КДБ на Валадарскага. Пад вартай Вольга Філатчанкава правядзе мінімум два месяцы.